Вішнявец. Храм Іаана Прадцечы
2015.07 Фота: а. Генадзь Кійко
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога Іаана Прадцечы

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1742 г. з цэглы як уніяцкая. М.К. Радзівіл Сіротка купіў Вішнева (былую Гавезну) у Яна Алелькавіча і ў 1590 г. аддаў вёску несвіжскім бенедыкцінкам, якія заснавалі тут уніяцкую царкву «ў гатычным стылі». У 1839 г. царква пераасвячона ў праваслаўную , у 1852 г. перабудавана.

   Помнік архітэктуры барока. Царква базілікальнага тыпу, прамавугольная ў плане з паўцыркульнай апсідай. Сцены па перыметры расчлянёны пілястрамі і лучковымі аконнымі праёмамі з глыбокімі адхіламі. Галоўны фасад сіметрычнай 2-яруснай кампазіцыі, падзелены прафіляваным поясам. Пластычнае ўбранне фасада сканцэнтравана ў верхнім ярусе. Вядучай тэмай афармлення з'яўляецца шэраг плоскіх арачных ніш і паўцыркульных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Цэнтральная кампазіцыйная вось у завяршэнні вылучана кілепадобным какошнікам ( першапачаткова быў фігурны барочны шчыт) . Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалы на высокіх цыліндрычных барабанах (верхнія ярусы вежаў былі разабраны) .

   Унутраная прастора падзелена на 3 нефы 4 масіўнымі пілонамі, крапаванымі іанічнымі пілястрамі. Па баках алтарнай часткі ў прасторы бакавых нефаў вылучаны рызніцы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным на падпружных арках скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы і рызніцы — крыжовымі . З супрацьлеглага боку ад алтара ў інтэр'еры размешчаны хоры з пукатым парапетам, на якія вядуць вітыя лесвіцы.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.