Слабада. Храм дабравернага князя Аляксандра Неўскага
2007.07
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога добравернага князя Аляксандра Неўскага

   У цэнтры вёскі. Пабудавана каля 1880 г. з цэглы і бутавага каменю на месцы драўлянага храма, узведзенага ў 1814 г. ўладальнікам маёнтка панам Гутаровічам. У 1861 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Да 1980-х гг. не дзейнічала, адрэстаўрыравана ў 1990-я г. Па восі царквы пастаўлена цагляная арачная брама, акаймаваная металічнай агароджай.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з 3-яруснай чацверыковай званіцы, прамавугольнай трапезнай, кубападобнага асноўнага аб'ёму і паўкруглай апсіды. Асноўны аб'ём накрыты 4-східьным, трапезная 2-схільным, апсіда — кананічным дахамі. Дах над асноўным аб'ёмам завершаны галоўкай на 8-граннай шыйцы. Макаўкай завершаны шацёр трэцяга 8-граннага яруса званіцы (надбудаваны ў 1990-я гг). Уваходная частка вылучана перспектыўным арачным парталам пад 2-схільным шчытом, які абапіраецца на пілястры. Архаічны выгляд храму надае бутавая муроўка сцен, на паліхромным фоне якой кантрастна вылучаюцца атынкаваныя ліштвы арачных аконных праёмаў, уваходны партал, вуглавыя лапаткі, аркатурныя фрызы.

   Унутры памяшканні храма аб'яднанны шырокімі арачнымі прасветамі. Мастацка-дэкаратыўным акцэнтам з'яўляецца драўляны разны 1-ярусны іканастас з царскімі варотамі расліннага арнаменту, з 4 абразамі-тондамі евангелістаў, у цэнтры — абраз «Благавешчанне». Над царскімі варотамі — абраз «Тайная вячэра».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4