Тумілавічы. Храм вялікамучаніка Георгія Перамоганосца
2012.08 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1864 г. з дрэва. Асобна пастаўлена каркасная званіца.

   Помнік народнага дойлідства. Вырашана 8-гранным зрубам, да якога па восі захад — усход далучаны прамавугольныя прырубы прытвора і апсіды. Цэнтральную кампазіцыю завяршае 8-гранны барабан, шацёр якога завершаны цыбулепадобнай галоўкай, а аснаванне апяразана поясам трохвугольных франтонаў. Такімі ж франтонамі завершаны грані аб'ёмаў. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах.

   Малітоўная зала перакрыта шатровым гранёным скляпеннем з заломам пасярэдзіне, дзе абапіраецца на слупы. Абразы 1901 — 05 гг.: «Маці Божая Нерукатворная», «Успенне», «Святы Пётр і Павел», «Святы архангел Міхаіл», «Маці Божая з дзіцем», «Ісус Хрыстос», «Святы Георгій», «Маці Божая Смаленская».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4