Бародзічы. Храм Архангела Міхаіла
2010.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У 1766 годзе ў Бародзiчах упершыню ўзгадваецца царква. Разам з тым, ёсць звесткi пра тое, што намаганнямi святара Мiхаiла Крачатовiча у 1791 годзе тут быў збудаваны новы храм i асвечаны у гонар архiстрацiга Божага Мiхаiла. Але што здарылася з той, першай царквой? За трыдцаць гадоў яна не магла састарыцца. Магчыма яна была вунiяцкай, можа не умяшчала вернiкаў, а можа проста струхнела. Захаваліся пiсьмовыя звесткi ХІХ ст. аб святары, якi служыў у Бародзiчах больш за 50 гадоў. Гутарка ідзе пра Iосiфа Крачатовiча, сына святара, якi будаваў тую царкву. А 6 жнiўня 1897 г., пасля рамонту, Свята-Мiхайлаўскi храм ізноў быў асвечаны. Царква за сваю гісторыю не гарэла і не рабавалася. Перажыў храм і гады Першай Сусветнай вайны. Драўляны храм вянчалi два купалы з вялiкiмi металiчнымi (а можа і чугуннымi) крыжамi. Царква была пакрыта жалезным дахам. Унутры храм не малявалі, бо дрэва было гладкім, смалiстым i выглядала заўсёды святочна. У цэнтры храма вiсела прыгожае, у два ярусы, панікадзіла. Падчас Другой Сусветнай вайны храм працаваў. Служба iшла тут да 1960 года, калi прыехалi “упаўнаважаныя прадстаўнiкi улады” і вынеслi з царквы ўсё, што лiчылi патрэбным. Іншыя рэчы адвезлi ў Вазнясенскую царкву ў суседнi Гарадзец. Будынак царквы не зачынялі, таму хутка, пры невысветленых абставінах знік царкоўны звон. Людзi ўсё часцей сталi заходзiць у храм і браць тое, што засталося. “На памяць”, так бы мовіць. Храм стаяў без нагляду амаль тры гады. А ў кастрычніку 1962 года Кобрынскi райвыканкам звярнуўся ў Брэсцкi абласны Савет з просьбай зняць Свята-Мiхайлаўскi храм з улiку, па прычыне того, што “в храме не проводятся службы”. Перад гэтым у сельвыканкаме збiралi подпicы. Казалi на рамонт, а аказалася на зняццё з улiку. Амаль праз год у снежні 1963 года прашэнне «удовлетворили». Будынак першапачаткова вырашылі пераабсталяваць пад клуб, аднак з гэтага нічога не вышла і праз тры гады, у 1966-м царкоўны будынак разабралi для будаўнiцтва школьнага спортзала у суседнiм сяле Грушава. Толькi ў 1992 годзе старажытную царкву вырашылі адбудаваць. Будавалi доўга. Асвяцiлi ў лiпенi 2000 года. Таксама ў гонар архiстраціга Мiхаiла. З гарадзецкай царквы вярнулi: евангелле, плашчанiцу, некалькi iкон. Вернуты iканастас аказаўся малым для новага храма. Сёння ён так i стаiць ля новых царскiх варот. Вярнулася ў царкву і шмат з таго, што некалі “узялі на памяць”. http://www.istpravda.ru/bel/research/8399/

 

Царква ў імя архангела Міхаіла

Пабудавана з дрэва ў 1999 г. на месцы папярэдняга драўлянага храма 19 ст.

Твор архітэктуры ў стылізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Вырашана па канону 4-часткавага праваслаўнага храма падоўжна-восевай аб'ёмна прасторавай кампазіцыі: 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца над прытворам, працяглая прамавугольная ў плане малітоўная зала, 2-схільны дах над якой завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. 2-слуповы ганак завершаны 3-лопасцевым франтонам.

Трайныя прамавугольныя аконныя праёмы на бакавых фасадах дэкарыраваны трохвугольны-мі сандрыкамі і адзначаны такімі ж зломамі даху.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.