Усялюб. Храм Архангела Міхаіла
2005.10
Гістарычны агляд:

 

Царква ў імя святога архангела Міхаіла

   На заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 18 ст. з цэглы на месцы храма 1630 г.; пашырана ў 1848 г.

   Помнік архітэктуры барока і рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам з паўкруглай апсідай, 2-схільны дах над якой пераходзіць у кананічны, над якім на 8-гранным барабане ўзвышаецца цыбулепадобная галоўка. Магутныя плоскасныя сцены (таўшчыня 1,5 м) расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з глыбокімі адхіламі. Над трохвугольным франтонам галоўнага фасада надбудавана драўляная званічка (васьмярык на чацверыку) з цыбулепадобнай галоўкай.

   У інтэр'еры плоскую столь падтрымліваюць 2 слупы, 3-гранны іканастас вылучае апсіду і бакавыя рызніцы; пры ўваходзе створаны нартэкс з хорамі на 2-м ярусе. Абраз 1761 г. «Велікамучаніца Варвара».

   Асобна перад храмам пастаўлена 2-ярусная чацверыковая мураваная званіца-брама, завершаная шатром з макаўкай. У яе афармленні выкарыстаны кілепадобныя франтоны.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4