- Гістарычны агляд:
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла (мемарыяльная капліца)
Пабудавана ў 1908 — 12 гг. з цэглы, асвячона ў верасні 1912 г. Пастаўлена ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войскаў над шведскім корпусам Левенгаўпта ў бітве 28.9.1708 г. пад Лясной. Пашкоджана ў Вялікую Айчыную вайну, рэстаўрыравана ў 1956 — 57 гг. З 1958 г. тут музей гісторыі бітвы пры Лясной. У 1990-я гг. перададзена вернікам.
Першы драўляны мемарыяльны храм у гонар гэтай падзеі быў збудаваны тут паводле загада імперптара ў 1708 г. і з'яўляўся помнікам архітэктуры барока; быў вырашаны прамавугольным зрубам з прырубам 5-граннай апсіды з рызніцай і прытвора-ганка з 3 арачнымі ўваходамі. Зруб завяршаўся ўсечаным шатром, над якім чацверыковы барабан быў накрыты пластычным купалам з ліхтаром. Арыгінальнае шатіровае завяршэнне набыла і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя фасады чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі і бусамі-сцяжкамі ў прасценках. Унутры шацёр і барабан былі размаляваны. У 1748 г. ўладальнік Лясной пан Валкавіцкі перавёз царкву ў свой маёнтак Галавенчыцы і там зрабіў з яе фамільную пахавальню. Ідэя ўзвесці новы помнік узнікла ў 1889 г. ў сувязі з набліжэннім 200-й гадавіны гістарычнай бітвы. У 1904 г. члену інжынернага камітэта Галоўнага інжынера ўпраўлення прафесару архітэктуры А.І. фон Гагену было даручана скласці праект помніка-храма. Гэты праект быў ухвалены ў жніўні 1908 г. Будаўніцтвам, якое праводзіла Бабруйская ваенна-інжынерная дыстанцыя, кіраваў ваенны інжынер І.А.Лідзверс. Інжынер І.А. Бакіцька ўдасканаліў першапачатковы праект (мураванае скляпенне заменена больш сучасным бетонным, чарапічнае пакрыццё шатра — жалезным ацынкаваным лускатым) . За будаўніцтва храма адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі майстры І.Гоп і А.Іваноў.
Помнік архітэктуры неарускага стылю, стылізацыі крамлёўскіх вежаў Масквы. Мураваны будынак цэнтрычнай 4-граннай пірамідальнай 2-яруснай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, завершанай 8-гранным лускаватым шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Пастаўлена на магутны стылабат, выкладзены з гранітных квадратаў, ярусв абліцаваны светла-жоўтай цэглай, аздабленні (уваходныя парталы, перамычкі аконных праёмаў, паясы і карнізы) з белага радамскага пясчаніку. Ярусы апяразаны паясамі і машыкуляў. Тры ўваходы вырашаны магутнымі перспектыўнымі арачнымі парталамі. На арачным імпесце галоўнага ўвахода надпіс: «В лето от рождества Христова тысяча семьсот восьмого. Великий император Петр». Вышэй над уваходам — званіца пад кілепадобным шчыпцом і лучковым праёмам. Галоўны фасад упрыгожаны мазаікай «Маці Божая з дзіцем». Усходні алтарны фасад прарэзаны 2 вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, якія ахоплены магутным арачным парталам, дэкарыраваны паміж імі мазаічным пано «Апостал Пётр». Мазаікі выкананы ў майстэрні В.А.Фралова ў Пецярбургу. Другі ярус завершаны зубцамі ў выглядзе «ластаўчына хваста». Лучковыя аконныя праёмы 2-га яруса ў ліштвах. Па скругленых вуглах 1-га яруса і над галоўным уваходам — вузкія аконныя праёмы-байніцы.
Унутраная прастора перакрыта крыжовым скляпеннем з распалубкамі; сцены абліцаваны керамічнай пліткай, падлога выкладзена тэракотавай пліткай, у алтары і на салеі паркетная падлога. За бадюстраднай агароджай салеі стаяў 3-ярусны , афарбаваны белай эмаллю сасновы іканастас на 20 абразоў. На сценах віселі 2 мармуровыя дошкі: адна са спісам вайсковых часцей, якія бралі ўдзел у бітве, другая — з копіяй рэляцыі аб гэтай бітве. Насценная размалёўка не захавалася.
Побач з капліцай на сродкі палкоў-ветэранаў пастаўлены скульптурны помнік, адкрыты 28.9.1908 г. Быў створаны вядомым рускім скульптарам-анамалістам А.Л.Оберам. Вырашаны ў выглядзе гранітнай скалы, на вяршыні якой бронзавы шыракакрылы арол, які рве капцюрамі павержаны шведскі сцяг з паламаным дрэўкам. На склоне на бронзавай дошцы надпіс: «В памяць сражения при Лесной — матери Полтавской победы 1708. 28.9.1908 г.». На другім баку яшчэ адна дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гістарычнага бою.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Адрас
- 213251 Магілёўская вобласць, Слаўгарадскі раён, в. Лясная
- Епархія
- Магілёўская
- Благачынне
- Чавускае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны














2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.