- Гістарычны агляд:
Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла
У паўднёвай частцы вёскі, каля шашы Мінск — Слуцк. Узведзена ў 1861 — 65 гг. з цэглы на месцы драўлянай царквы 1789 г.
У 1852 г. паўстала пытанне аб неабходнасці капітальнага рамонту струхнелага храма, але было вырашана, што танней пабудаваць новы мураваны храм. Святар царквы Іаан Шышко звярнуўся з хадайніцтвам да епіскапа мінскага і бабруйскага Міхаіла аб садзейнічанні ў будаўніцтве царквы «на 1670 душ абодвага полу». Праект быў складзены архітэктарам Г.М. Меерам і зацверджаны ў 1861 г. Падрадчыкам на будаўніцтва храма выступаў мінскі купец А. Свешнікаў. Пры царкве мелася народнае вучылішча, у якім у 1889 — 90 гг. вучыўся Я. Купала. Перададзена вергікам у 1991 г., адрэстаўрыравана, дзейнічае.
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю фарміруюць 4-ярусны прытвор-званіца, трапезная, кубападобная малітоўная зала і паўкруглая апсіда з 2 бакавымі рызніцамі і панамарняй, якія ў плане ствараюць форму падоўжанага крыжа. Высьмігранны ярус званіцы і светлавы барабан храма завершаны шатрамі з купалкамі (разбураны ў Вялікую Айчыную вайну). Бакавыя фасады прафіляваным карнізам расчлянёны на 2 ярусы — 1 -ы мае арачны ўваходны партал, 2-і рытмічна расчлянёны 3 арачнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаны вуглавыя лапаткі, прафіляваныя ліштвы арачных аконных праёмаў з жалезнымі кратамі. Трох'ярусны іканастас выраблены майстрам Ягоравым, 18 яго абразоў пісаны мастакамі Дз. Струкавым і Ратноўскім.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Адрас
- 223056 Мінская вобласць, Мінскі раён, в.Сеніца, вул.Прылукская, 2
- Тэлефон
- +37517-506-20-05
- Епархія
- Мінская
- Благачынне
- Мінскае першае раённае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1865
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19










2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.