Мамаі. Храм Праабражэння Гасподняга
2005.07
Гістарычны агляд:

МАМАІ. КАСЦЁЛ Помнік дойлідства класіцызму з элементамі позняга барока. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. ў в. Мамаі (Глыбоцкі р-н). Прастакутны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным пакатым дахам з трохкутнымі франтонамі на тарцах. У аснову дойлідскай пластыкі фасадаў пакладзены дарычны ордэр. Галоўны фасад раскрапаваны паўкалонамі, прастакутнымі плоскімі і глыбокімі паўкруглымі нішамі. Уваход аформлены вялікім парталам. Бакавыя фасады з высока размешчанымі прастакутнымі вокнамі аздобленыя пілястрамі. Сцены завершаныя развітым дарычным антаблементам. Унутры будынку дапаможныя памяшканні па чатырох кутах прасторава вылучаюць з асноўнага памяшкання ўваходную і алтарную часткі. На сценах пілястры карынфскага ордэру, на плоскай столі — цыліндрычныя скляпенні. Па восі будынку стаіць двух’ярусная мураваная званіца-брама, завершаная трохкутным франтонам, якая па стылістыцы адпавядае дойлідству касцёлу. З 1866 г. — царква Праабражэння Гасподняга, дзейнічае.

Т.В. Габрусь http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў пачатку 19 ст. з цэглы як касцёл.

   Помнік архітэктуры класіцызму. Аднанефавы, прамавугольны ў плане храм з нартэксам і сакрысціямі. Накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі па тарцах і цыбулепадобным купалам па цэнтры. Галоўны фасад расчлянёны паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі ў прасценках накладнога 4-калоннага порціка дарычнага ордэра. Бакавыя і алтарны фасады расчлянёны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках.

   У інтэр'еры сцены завершаны карнізным поясам, размаляваны, на столі імітацыя дэкарыраваных цыліндрычных скляпенняў. Над нартэксам размешчаны хоры.

   Перад храмам па восі галоўнага фасада стаіць 3-ярусная брама-званіца. Вырашана ў свободна трактаваным класічным ордэры. Верхнія ярусы раскрапаваны маленькімі вуглавымі паўкалонамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны паўцыркульным прасветам, завершаны трохвугольным франтонам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.