Порплішча. Храм Праабражэння Гасподняга
2005.07
Гістарычны агляд:

Адзін з найстаражытнейшых храмаў Полаччыны, захаваўшыхся да нашых дзён. Спачатку з'яўляўся ўніяцкім, у 19 стагоддзі быў перададзены праваслаўным і часткова перабудаваны. У савецкія часы не зачыняўся. ПОРПЛІШЧА. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1627 г. у в. Порплішча (Докшыцкі р-н), перабудаваная ў 1794 г. з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лацінскага крыжа. Зрубы накрытыя ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі. На сяродкрыжжы масіўны васьмігранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал пяціграннага алтарнага зрубу невялікія прастакутныя ў плане рызніцы. У 1883 г. да галоўнага фасаду прыбудаваныя трох’ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім чатырохсхільным шатром. Сцены гарызантальна ашаляваныя. Вокны прастакутныя. Унутры барабан купалу апіраецца на падпружныя аркі з ветразямі. Хоры размешчаныя ў асноўным аб’ёме. У інтэр’еры захаваліся фрагменты разнога драўлянага алтару XVII ст., якія выкарыстаны пры афармленні ўцалелых да гэтага часу іканастаса і ківотаў. Разьба іканастасу выкананая ў тэхніцы нізкага рэльефу: варыяцыі раслінных парасткаў з букетамі кветак і пладоў, галовак анёлаў, жаночых фігур. Разьбой пакрыты таксама плоскасці філёнгаў, калоны і абрамленні ківотаў. У 1988 г. праводзіўся капітальны рамонт пабудовы. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга

   У цэнтры вёскі, каля дарогі Докшыцы — Глыбокае. Пабудавана ў 1627 г. з дрэва як уніяцкая. Адноўлена ў 1794 г., асвячона 18.10.1881 г. пасля капітальнай перабудовы, у 1884 г. прыбудавана званіца.'

   Помнік народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Храм вырашаны выцягнутым па падоўжнай восі крыжова-купальным аб'ёмам. Скрыжаванне 2-схільных дахаў прамавугольных трапезнай, апсіды і бакавых прыдзелаў завершана магутным 8-гранным светлавым барабанам, перакрытым паўсферычным купалам з падкрыжавым ліхтаром. Над прытворам надбудаваны 2 чацверыковыя ярусы званіцы, завершанай шатром. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Уваход вылучаны 2-слуповым ганкам пад 2-схільным пакрыццём.

   У інтэр'еры сяродкрыжжа перакрыта 8-гранным купалам на падпружных арках. У бабінцы на 2 слупах размешчаны хоры. У іканастасе выкарастаны фрагменты ўцалелага разнога драўлянага алтара 18 ст., ён пакрыты разным раслінна-арнаментальным дэкорам у стылі барока, упрыгожаны драўлянай скульптурай анёлаў, дэкаратыўнымі вазамі. Абразы 18 — 19 ст.: «Святое сямейства», «Спас», «Маці Божая з дзіцем», «Пакроў», «Мікалай Цудатворац» (каля 1794) , «Архангел Міхаіл», «Архангел Гаўрыіл», «Тайная вячэра» (у невялікім драўляным алтарчыку) , алтарныя абразы - «Іаан Багаслоў», «Укрыжаванне з Маці Божай і Іаанам Багасловам» (2-я палавіна 18 ст., на балюстрадзе хораў) .

 ' Литовские епархиальные ведомости. 1881. № 18. С. 159.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4