- Гістарычны агляд:
Віцебская царква Дабравешчання (вул Замкавая, 1). Паводле царкоўнага падання, заснавана ў 11-м ст. святой роўнаапостальнай княгіняй Вольгай. Пабудавана ў Заручаўскай слабадзе грэчаскімі майстрамі-дойлідамі. Інтэр`ер царквы быў багата ўпрыгожаны высокамастацкімі фрэскамі. У 14-м ст. пры князі Альгердзе храм быў перабудаваны з улікам мясцовай традыцыі полацкай будаўнічай школы. З 1619 г. належаў уніятам, якія перабудавалі храм у стылі віленскага барока. У 1623 г. уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч загадаў забяліць старажытныя фрэскі. У 1831-м вернуты праваслаўным, адрамантаваны ў 1833 г. губернскім архітэктарам Беціні. У другой палове 19-га ст. перабудаваны ў рэтраспектыўнарускім стылі — былі зняты вежы-званіцы, узведзены купал. У час вайны 1812 г. царква выкарыстоўвалася французамі пад склад боепрыпасаў. У 1944 г. пашкоджана. Узарвана паводле распараджэння ўлад у 1961 г. Адноўлена ў 1999 г. (архітэктар Г.Лаўрэцкі). Фрагмент старажытнай фрэскавай выявы воіна са стараславянскімі літарамі з Благавешчанскай царквы захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/belcalendar/9720/print/
ВІЦЕБСК. ЦАРКВА ДАБРАВЕШЧАННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ Помнік старажытна-рускага дойлідства. Пабудаваная на левым беразе Заходняй Дзвіны на месцы былога рамесніцка-гандлёвага пасаду Ніжняга Замка ў сярэдзіне XII ст. Першая дакладная выява помніка — на "Чарцяжы" Віцебску 1664 г. Спосаб разбіўкі плану і першапачатковае канструкцыйнае вырашэнне даюць падставу сцвярджаць, што царква была пабудаваная балканскімі дойлідамі. У 1129 г. пяцёра полацкіх князёў былі сасланы ў Візантыю. Праз дзесяць гадоў яны вярнуліся і прывезлі з сабой балканскіх майстроў у Полацкую зямлю, дзе да таго часу ўжо пачала складвацца самастойная Полацкая школа дойлідства. Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619 г., калі яна стала уніяцкай, заменены барабан, а да заходняга фасаду была прыбудаваная званіца. У 1759 г. храм быў перабудаваны ў барочных формах: ён стаў дзвюхвежавы з сігнатурай замест барабану. У 1862 г. у час русіфікатарскай палітыкі царызму набыла рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Царква — шасцістаўповы трохапсідны храм, узведзены з часаных блокаў вапнавага каменю. Гарызантальныя рады блокаў чаргуюцца з 2—4-ма радамі тонкіх плінфаў. Сцены былі замацаваныя двума радамі бярвён. Будынак меў высокі цокаль. У плане — выцягнуты па падоўжнай восі прастакутнік, завершаны на усходзе паўкруглай апсідай, якая мае трапецападобную віму (адзіны прыклад у старажытна-рускім дойлідстве). Меншыя бакавыя апсіды размяшчаюцца ў тоўшчы ўсходняй сцяны і не выяўленыя звонку. Агульныя памеры царквы 28x54 локця (1 локаць=0,40 м). Асаблівасцю планіроўкі з’яўляецца змяшчэнне галоўнага ўваходу адносна падоўжнай восі ў правы бок. Гэта звязана з тым, што ў левай частцы заходняй сцяны была зробленая лесвіца на хоры. Каб пазбегнуць дысанансу ва ўспрыняцці ўнутранай прасторы, цэнтральнае акно апсіды адсунута на такую ж адлегласць. Бакавыя фасады былі падзеленыя лапаткамі на амаль роўныя часткі, пры гэтым унутраныя чляненні не супадалі з вонкавымі. Да паўднёвага і паўночнага фасадаў былі прыбудаваныя невялікія прытворы. Усе сцены царквы звонку былі атынкаваныя і падзеленыя на квадры. Благаешчанская царква аказала значны ўплыў на полацкае дойлідства ў XII ст., асабліва на планіровачную схему і выкарыстанне дадатковых невялікіх алтароў на хорах (Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Аднак прынцыпы, пакладзеныя ў аснову будаўніцтва Благавешчанскай царквы, не знайшлі развіцця ў полацкім дойлідстве. Царква была багата ўпрыгожаная фрэскамі, вытрыманымі ў карычнева-чырвонай, ружова-жоўтай, зялёна-блакітнай каляровай гаме. Зберагліся: выява анёла, геаметрычны ўзор вакол праёмаў і ўздоўж сцен каля падлогі, тры графіці, якія пакрывалі сцены царквы, на партале выявы крыжа з манаграмай Хрыста і выява воіна (захоўваецца ў Віцебскім краязнаўчым музеі). У 1962 г. царква разбураная, у 1977 г. праведзеная кансервацыя яе рэшткаў паводле праекту спецыялізаваных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры Беларусі. Помнік рэспубліканскага значэння. Г.А. Лаўрэцкі http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna
На левым беразе Заходняй Дзвіны, на пл. 1000-годзя Віцебска, на месцы былога намесніцка-гандлёвага пасада Ніжняга Замка.
Заснаванне храма адносіцца да 11 ст. і прыпісваецца княгіні Вользе. Пабудаваны ў 1120 — 30 гг. грэчаскімі дойлідамі'. У 14 ст. пры Альгердзе перабудоўваўся. У 1619 г. царква разам з асобна пастаўленай драўлянай званіцай перайшла да уніятаў. У сярэдзіне 17 ст. перабудавана — замест арачных закамар з'явіліся 2-гранныя шчыпцы, якія абумовілі 8-схільнае пакрыццё храма, падобнае наўгародскім цэрквам. З 1831 г. храм вернуты праваслаўным, але знаходзіўся «в самом неустроенном и не имеющем никакого благолепия положении»; адрамантаваны ў 1833г. Губернскім архітэктарам Беціні''. У 1812 г. французы выкарысталі царкву пад склад боепрыпасаў. Найбольш старажытны малюнак царквы адносіцца да 1664 г. Археалагічныя даследаванні праводзілі І. Хозераў(1946), Г.В. Штыхаў (1964), М.К. Каргер (1968) і П.А.Рапапорт (1975) . Пашкоджана нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1944 г. Царква стаяла ў адносна неблагім стане да снежня 1961 г., калі была ўзарвана. У 1977 г. праведзена кансервацыя рэшткаў (архітэктар С.А. Друшчык), у 1997 г. адноўлена (архітэктар Г.А. Лаўрэцкі). 26.9.1998 г. храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій ІІ.
Царква — помнік полацкай школы дойлідства, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнгага базілікальнага тыпу візантыйскага храма. Уяўляла сабой выцягнуты ў плане прамавугольны аб'ём на высокім цокалі з вялікай паўкруглай цэнтральнай апсідай, якая выступала з тыльнай усходняй сцяны і была дэкарыравана тонкімі калонкамі. Шырыня храма 11,1 м, даўжыня без апсіды 18,2 м, з апсідай — 21 м, таўшчыня сцен ад 1,1 да 1,5 м. Паводле малюнка 1664 г. царква мела 1 купал на барабане, паводле малюнка 19 ст. - вялікі 8-гранны драўляныкупал. Побач знаходзілася мраваная званіца. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі дзяліліся на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закаморамі, пакрытымі дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга боку размяшчаліся арачныя ўваходныя парталы з невялікімі прытворамі. Фасады былі атынкаваны, расшыты пад квадравую рустоўку. Канструкцыйна будынак выкананы ў візантыйскай тэхніцы муроўкі (opus mixtum): гарызантальныя рады блокаў-квадратаў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі па 1 — 4 рады тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Муроўка змацавана рошчынай так званай ружовай цамянкі — сумесь вапны з тоўчанай цэглы. Канструкцыйна сцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 рады бярвёнамі.
У 1714 г. і 1759 г. храм перабудоўваўся ў пашыраным ва уніяцкім храмавым будаўніцтве стылі віленскага барока (адлюстраваны на акварэлі Ю. Пешкі пачатку 19 ст.): заходні фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, прыбудаваны прытвор з трохвугольным франтонам; да паўднёвага фасада прыбудаваны 2-павярховы прытвор; купал заменены на сігнатурку над апсідай . У 2-й палавіне 19 ст. архітэктура храма набыла рэтраспектыўна-румкую стылёвую афарбоўку — зняты вежы-званіцы, над дахам узведзены вялікі драўляны 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам. Цяпер над храмам узведзены цыліндрычны барабан пад паўсферычным купалам. На галоўным фасадзе 3 арачныя праслы з арачнымі аконнымі праёмамі і блендамі. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагменты старажытнай плінфавай муроўкі.
Унутры 6 крыжовых у сячэнні слупоў дзеляць залу на 3 нефы, сярэдні з якіх шырэйшы за бакавыя, і завершаны вонкавай апсідай, бакавыя — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У заходняй частцы на пары слупоў размяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сцяны. Бакавыя часткі хораў былі заняты капліцамі з невялікімі апсідамі ў тоўшчы сцен. Нартэкс пад хорамі вылучаны глухім прасценкам.
Інтэр'ер царквы быў багата ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай 12 ст., якая пакрывала ўсе плоскасці сцен (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сцяны каля падлогі)'''.
У 1623 г. уніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч загадаў забяліць вапнай старажытныя праваслаўныя фрэскі. Геаметрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з трохвугольнікаў ці ступенчатых пірамід. Каларыстычная гама карычнева-чырвоная , ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмент фрэскавай выявы воіна са старажытнаславянскімі літарамі, зняты з партала галоўнага ўвахода, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Іканастас 2-ярусны сучаснай работы.
Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
- Адрас
- 210001 г. Віцебск, вул. Замкавая, 1
- Тэлефон
- (0212) 36-40-22
- Епархія
- Віцебская
- Благачынне
- Віцебскае Петрапаўлаўскае
- Вэб сайт
- http://blagvest.at.tut.by/
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Горадабудаўнічае рашэнне
- прыходскі комплекс
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны













2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.