Докшыцы. Храм Пакрова Божай Маці
2021.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У цэнтры горада, у акружэнні мураванай агароджы з арачнай брамай. Пабудавана ў 1900 — 03 гг. з бутавага каменю і цэглы на месцы уніяцкага храма 1514г. Адноўлена ў 1990-я гг.

   Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Уяўляе сабой кананічны тып праваслаўнага храма са званіцай, трапезнай, кубападобным 2-ярусным аб'ёмам малітоўнай залы і прамавугольнай апсіды. У прасторавай кампазіцыі дамінуе ўзведзеная над прамавугольным прытворам шатровая званіца (васьмярык на чацверыку) і цыбулепадобны купал на 8-гранным барабане над 4-схільным дахам асноўнага аб'ёму. Фасады члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з вялікімі адхіламі ў тоўшчы магутных сцен. Пластычнымі ліштвамі з какошнікамі вылучаны трайныя аконныя праёмы 2-га яруса асноўнага аб'ёму. Пластыка-каларыстычнае вырашэнне фасадаў пабудавана на кантрасце паліхромнай бутавай муроўкі з белай тынкоўкай дэталяў архітэктурнага дэкору (какошнікі, арнаментальныя паясы, філёнгавыя лапаткі, цыбулепадобныя галоўкі) .

   У інтэр'еры апсіда вылучана 3-ярусным 3-гранным у плане залачоным іканастасам. Абраз «Маці Божая Смаленская» (1826) . У 1990 -я гг. мясцовы мастак В. Маркавец аднавіў фрэскавую размалёўку.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.