- Гістарычны агляд:
РАКАЎ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА Помнік дойлідства пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. На цэнтральнай плошчы в. Ракаў (Валожынскі р-н). У 1793 г. на месцы старажытнай царквы (упамінаецца пад 1465 г.) пабудаваны з цэглы касцёл на сродкі парафіян і ахвяраванні князя Сангушкі і членаў ракаўскага брацтва Святой Ганны (50 тыс. руб.). Аднанефавы прастакутны ў плане храм з паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку прымыкае рызніца, з паўднёвага — Нікольская капліца з трохграннай алтарнай часткай. Галоўны заходні фасад плоскасны, крапаваны пілястрамі, расчлянёны лучковымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, завершаны шырокім трохкутным франтонам; быў фланкіраваны вежамі (захаваліся ніжнія ярусы). Сцены расчлянёныя лучковымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. У 1866 г. пры пераўтварэнні касцёлу ў праваслаўную царкву быў надбудаваны купал з цыбулепадобнай галоўкай на драўляным васьмігранным барабане. Храм перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Над цэнтральным уваходам хоры, якія апіраюцца на трохпралётную аркаду. У 2-й палове ХІХ ст. перад царквой, па яе падоўжнай восі, пабудаваная двух'ярусная пірамідальная брама. Помнік рэспубліканскага значэння. А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya
Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга
На вул. Мінскай. Пабудавана ў 1793 г. з цэглы як храм уніяцкага манастыра (заснаваны ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, а таксама князя Сангушкі і членаў Ракаўскага братцва св. Анны. У 1866 г. храм пераасвячоны ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву. Мела 6 прыпісных храмаў: Крыжаўздвіжанскі ў Ракаве, у в. Выгонічы і 4 могілковыя ў навакольных вёсках. У 1877 г. і 1884 г. рамантавалася. Двухпрастольная, з прыдзелам у імя св. Мікалая.
Помнік архітэктуры барока з прыўнесенымі ў 19 ст. рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку далучана рызніца, з паўднёвага — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, быў фланкіраваны вежамі (захаваліся першыя ярусы) . Сцены рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. Па цэнтры 2-схільнага даху ў 1866 г. надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Макаўка надбудавана і над франтонам невялікага правага прыдзела.
Унутраная прастора перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі, якое ў апсідзе завершана конхай. Апсіда вылучана аднесеным у яе глыбіню 1-ярусным пазалочаным іканастасам 2-й палавіны 19 ст. Над цэнтральным уваходам у малітоўную залу выступае галерэя хораў, якая абапіраецца на 3-пралётную аркаду. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясцовых памешчыкаў (у 1866 засыпана) .
У 1866 г. перад царквой пабудавана мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца рэтраспектыўна-рускага стылю. Ніжні ярус уяўляе сабой арку, верхні — 4-гранны аб'ём са скразнымі арачнымі прасветамі. Пакрыццё мае характэрныя для старажытнарускага дойлідства хвалепадобныя схілы.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
- Адрас
- 222341 Мінская вобласць, Валожынскі раён, г. п. Ракаў, пл. Свабоды, 3
- Тэлефон
- (01772) 52-3-86
- Епархія
- Маладзечанская
- Благачынне
- Ракаўскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- перапрафіляванне з храмаў іншых канфесій
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
















2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.