Мінск. Храм абраза Божай Маці "Усіх Гаротных Радасць"
2020.02 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Храмавы комплекс памяці ахвяр чарнобыльскай катастрофы

   На вул Прытыцкага. Паводле праекта будзе складацца з царквы ў гонар іконы «Маці Божая Усіх гаротных Радасць» (будуецца з 1994), царква ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай (пабудавана ў 1998), капліца святога Гаўрыіла Беластоцкага, брамы-званіцы, якая вядзе на тэрыторыю комплексу (пабудавана ў 1998), іканапісных майстэрняў, нядзельнай школы (будуецца з 1994), багадзельні, трапезнай для збяднелых, музея загінуўшых у чарнобыльскім бедстве, бібліятэкі, царкоўнай гасцініцы, мемарыяльнага комплексу-пагоста. 26.4.1991 г. закдадзены першы будаўнічы камень у аснаванне храма ў гонар абраза «Маці Божая Усіх гаротных Радасць». У ліпені 1991 г. месца закладкі храма наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій ІІ. Які перадаў прыходу ў дар абраз «Маці Божая Усіх гаротных Радасць». Аўтары праекта комплексу архітэктар М.Дзятко і настаяцель храма, член Саюза архітэктараў Беларусі І.Карастылёў. У аснову архітэктурна-мастацкай трактоўкі пакладзены царкоўна-візантыйскі стыль. Будаўніцтва пачалося вясной 1992 г. Пры царкоўным комплексе намаганнямі творчай інтэлігенцыі створана храмавае праваслаўнае брацтва.

   Царква ў гонар іконы «Маці Божая Усіх гаротных Радасць». Будаўніцтва пачата ў жніўні 1994 г. паводле праекта архітэктара М.Дзятко. У дзень прастольнага свята 6.11.1994 г. мітрапаліт Філарэт здзейніў малебен на пачатак будаўніцтва сабора і залажыў у яго падмурак капсулу з памятнай граматай.

   Храм вырашаны ў традыцыях старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Пяцікупальны 4-стоўпны сабор умяшчальнасцю ў 1000 вернікаў завершаны сферычным купалам. У традыцыях старажытнабеларускага царкоўнага дойлідства ў дэкаратыўнай апрацоўцы храма выкарыстана кераміка. Высока ўзняты на цокальны паўпаверх храм артымаў магчымасць мець пад сабой малую хрысцільную царкву. На сценах храма адзначаны на асабістых плітах назвы гарадоў і вёсак, трапіўшых пад чарнобыльскую бяду. У храме прыдзелы ў імя прападобнага Серафіма Сароўскага (размешчаны ў крыпце) і ў імя велікамучаніка Панцеляімана — глыбока шаноўнага ў народзе лекара.

   Царква ў імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Хрысцільная царква. Праект створаны ў архітэктурна-будаўнічых майстэрнях М.Дзятко і У.Даніленкі пад кіраўніцтвам І.Карастылёва. Першае набажэнства здзейсніў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій ІІ 23.6.1995г.

   Храм вырашаны ў традыцыях старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Канструкцыйна выканана з цэглы і жалезабетонных элементаў. Дынаміка вертыкальна выцягнутых фасадаў узмоцнена высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і пазакамарным завяршэннем сценавых праслаў. У сяродкрыжжа адкрываецца светлавы круглы барабан з паўсферычным купалам і бакавыя крылы з арачнымі скляпеннямі. Над уваходам у храм размешчана мазаічнае пано «Прападобная Еўфрасіння ігумення Полацкая», над аркай галоўнага ўвахода - «Маці Божая Усіх гаротных Радасць» (мастак В.Барабанцаў).

   Шануюцца абразы «Уладзімірская Маці Божая» і «Маці Божая Усіх гаротных Радасць». Да царквы прыпісана капліца ў гонар абраза «Маці Божая Знайдзенне загінуўшых» на вул. Карастаянавай.

   Брама-званіца. Над папярочным у плане аб'ёмам 1-га яруса-брамы ўзведзены 2-гі ярус-звон. Першы ярус накрыты бочкавым дахам, падзелены на 3 арачныя праслы, у цэнтральнай з якіх зроблены арачны праезд, у бакавых — вузкія арачныя вокны-шчыліны. Другі ярус вырашаны 4-слуповай арачнай сенню, завершанай каркасным 8-гранным ліхтарыкам пад сферычным купалком. Тымпан арачнага шчыта над праездам запоўнены фрэскавым роспісам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.