Дамачава. Храм апостала і евангеліста Лукі
2008.05
Гістарычны агляд:

У цэнтры гарадскога пасёлка. Пабудавана ў 1905 г. з дрэва на месцы старога храма.

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Мае кананічную 4-часткавую планіровачную схему. Высокая 3-ярусная шатровая званіца ўзносіцца над простым, але высокім і шырокім прамавугольным у плане зрубам бабінца. Яе верхнія грані дэкарыраваны балюстрадай і паўкалонамі. Кубападобны аб'ём малітоўнай залы завершаны вялікім 8-гранным светлавым барабанам, шацёр якога, як і на званіцы, вянчае цыбулепадобная галоўка. Дынаміку архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняюць больш нізкая 5-гранная апсіда і высокі 6-слуповы ганак, завершаны трохвугольным франтонам «мадэрнавай» трактоўкі. Суровая плоскаснасць ашаляваных фасадаў змякчаецца высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах. Галоўны ўваход вылучаны высокім шчыпцом на 6 тонкіх слупах.

   У інтэр'еры грані раскрытага ў залу барабана і сцены дэкарыраваны паліхромнай размалёўкай. Ветразі барабана падтрымліваюцца 4 здвоенымі калонамі. Апсіда абмежавана разным 3-ярусным іканастасам. Абразы 18 ст. : «Хрыстос у сілах», «Евангеліст Лука», «Евангеліст Марк», «Святая велікамучаніца Варвара» Да больш позняга часу адносяцца абразы «Прападобны Афанасій Брэсцкі», «Васіль Вялікі, Іаан Златавуст і Іаан Багаслоў» і 3 прарокаў.

У 1891 г. прыхаджане набылі 12-пудовы звон'.

 ' Церковные ведомости. 1891. № 9. С. 59.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.