- Гістарычны агляд:
Брэсцкі раён, в. Новая Аркадзія. Месца смерці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. Тут у 1870 г. мясцовыя жыхары ўзвялі капліцу. У 1961 г. яна была зачынена ўладамі і заняпала. У 1988 г. храм быў адноўлены і асвячоны ў гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. У 1996 г. пры храме заснаваны манастыр у гонар святога. У 1986 г. у вёсцы створаны музей пакутніка. Пры манастыры працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых. http://sppsobor.by/bractva/vilna/publish/belcalendar/9584/2
Брэсцкі мужчынскі манастыр і царква ў імя прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага
У цэнтры вёскі. Заснованы ў 1996г. Драўляны храм пабудаваны на мяжы 19-20 ст. на месцы гібелі беларускага грамадскага, палітычнага і царкоўнага дзеяча, прападобнага велікапакутніка ігумена Афанасія Філіповіча ў 1648 г. Ён прыняў пакутную смерць за спавяданне праваслаўнай веры ў часы Брэсцкай уніі. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама храм перададзены ў падпарадкаванне Рускай праваслаўнай царквы. Падноўлены намаганнямі прыхаджан у 1988 г. У верасні 1995 г. храм наведаў патрыярах Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій II. Блаславеннем Св. Сінода пачалося фарміраванне мужчынскага манастыра ў імя прападобнага мучаніка Афанасія Брэсцкага (Філіповіча).
Царква - помнік народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана з сасновага бруса на падмурку. Выразнасць будынка дасягаецца падоўжна-восевым спалучэннем розных па памерах зрубаў выцягнутага бабінца з прытворам і крыжовай у плане малітоўнай залы, плаўным спалучэннем іх 2-схільных дахаў. Над сяродкрыжжам уздымаецца высокі гранёны шацёр з макаўкай. Макаўкамі завершаны і трохвугольныя франтоны крылаў крыжа, апсіда і бабінец, што стварае партатыўнае маляўнічае залачонае 5-купалле. Па тыпу сялянскай хаты галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, ашаляваным «у вугал» і ахопленым разнымі падзорамі; па цэнтры франтона размешчаны абраз прападобнага Афанасія Філіповіча. Фасады ашаляваны гарызантальна, цокальная частка —вертыкальна. Уваход вылучаны 4-слуповым ганкам пад 2-схільным дахам.
У інтэр'еры апсіда вылучана шырокай кілепадобнай аркай. 1-ярусны драўляны іканастас у неарускім стылі; царскія вароты,арачныя рамы абразоў размежаваны карынфскімі калонкамі, завершаны кілепадобнымі франтончыкамі. Галерэя хораў падтрымана бакавымі ўвагнутымі кранштэйнамі.
Афанасій Брэсцкі (Філіповіч) нарадзіўся каля 1595 г. на Брэстчыне. З 1622 г. пры двары Л. Сапегі. Выхавальнік Я.Ф. Лубы, якога ўрад Рэчы Паспалітай вадаваў за сына цара Дзмітрыя (г. зн. Ілжэдзмітрыя) і Марыны Мнішак і рыхтаваў на маскоўскі прастол. Усвядоміўшы, што Луба — ілжэцарэвіч, Філіповіч пастрыгся ў манахі пры віленскім Свята-Духаўскім манастыры. Пазней жыў у манастырах Куцеінскім пад Оршай, Міжгорскім пад Кіевам, Дубайскім, Купяціцкім каля Пінска, Брэсцкім Сімяонаўскім. У 1637-38 гг. ездзіў да рускага цара Міхаіла, якому ў спецыяльнай рэляцыі раскрыў тайну Лубы. Выступаў за саюз з рускім народам. За рэзкія выступленні супраць улады на сеймах у 1641 г. і 1643 г. сасланы ў Кіеў, але хутка вярнуўся ў Брэст. За дапамогу рускаму паслу зноў арыштаваны ў 1644 г., аб'яўлены заложнікам за Лубу. У варшаўскай турме напісаў шэраг артыкулаў, у якіх крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай, царкоўных дзеячаў, феадалаў. Аўтар «Дыярыуша» («Дзённіка», 1646), у якім змешчаны напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта - аднаго з найбольш ранніх прыкладаў нотных запісаў беларускай музыкі. Настаяцель Свята -Сімяонаўскага праваслаўнага манастыра ў Брэсце Афанасій Філіповіч быў адным з актыўных удзельнікаў барацьбы за ўз'яднанне з Расіяй. Калі на Украіне і на Беларусі, на землях, падпарадкаваных Рэчы Паспалітай, ішло паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, ён распаўсюджваў крамольныя лісты. 15.9.1648 г. Афанасія Філіповіча растралялі па абвінавачанні ў дапамозе паўстанцам. Кананізаваны царквой паміж 1658 г. і 1666 г. Яго мошчы знаходзяцца ў Брэсце. У памяць пра Афанасія Філіповіча пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, царква ў Гродзенскім Барыса-Глебскім манастыры (не захавалася).
Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
- Адрас
- 224008 г.Брэст, вул.Свята-Афанасьеўская, 39
- Тэлефон
- +375162-36-32-50
- Епархія
- Брэсцкая
- Благачынне
- Манастыры Брэсцкай епархіі
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- манастырскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Горадабудаўнічае рашэнне
- манастырскі комплекс
- Будаўнічы матэрыял сцен
- драўляны
- Стагоддзе пачатку будаўніцтва
- 19
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 20







2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.