Ляскавічы. Храм Раства Прасвятой Багародзіцы
2010.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У заходняй частцы вёскі. Пабудавана ў 1783 г. з дрэва. Да 1990-х не дзейнічала. Перад царквой пастаўлена драўляная званіца-брама каркаснай канструкцыі.

 

Помнік народнага дойлідства. Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага асноўнага зруба і 5-граннай апсіды з бакавымі нізкімі рызніцамі. Агульны дах па цэнтры завершаны 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалам. Галоўны фасад вырашаны плоскасна і завершаны трохвугольным франтонам даху з паўкруглай люкарнай у тымпане. Вертыкальна ашаляваныя сцены расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і вертыкальнымі бусамі-сцяжкамі ў прасценках.

 

У залу над уваходам выступаюць хоры, падтрыманыя 2 слупамі. Абразы 17 18 ст.: «Хрыстос Пантакратар», «Маці Божая Адзігітрыя», «Мікалай Угоднік», «Узнясенне», абразы 19 ст.: «Спас Пантакратар», «Архангел Міхаіл», «Святы Сцяфан», «Святы Фадзей», «Багародзіца з дзіцем».

 

(Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск : “Беларус.Энцыкл.”ім. П. Броўкі, 2007. – C. 237.)