Лагойск. Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца
2017.04 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная з цэглы ў 1866 г. у Лагойску (вул. Савецкая) на правым беразе р. Гайна, перабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. У плане мае традыцыйную чатырохчасткавую працяглую па восі ўсход — захад кампазіцыю: чатырох’ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём, пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Стрыманы дэкор помніку ўключае ордэрную пластыку, прафіляваныя карнізы. Сцены раскрапаваныя кутнімі лапаткамі і арачнымі аконнымі праёмамі. Галоўныя дамінанты — васьмігранная званіца і барабан, якім завершаны асноўны аб’ём, маюць аднолькавую дойлідска-канструкцыйную схему (васьмярык на чацверыку), а таксама шатровыя дахі, што надае суцэльнасць агульнаму дойлідскаму вобразу. У інтэр’еры цэнтральны аб’ём перакрыты ветразевымі скляпеннямі на чатырох слупах. Г.А. Лаўрэцкі

http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

У цэнтры горада, на высокім правым беразе р. Гайна. Пабудавана ў 1862 — 66 гг. (паводле іншых звестак, у 1824 графам Піем Тышкевічам) з цэглы на ўрадавыя сродкі (14 тыс. рублёў) на месцы папярэдняга невялікага драўлянага храма — філіяла замкавай Богаяўленскай царквы.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя царквы складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму, 5-граннай апсіды з нізкімі бакавымі рызніцамі, 3-яруснай (драўляны васьмярык на 2 чацверыках) шатровай званіцы над прытворам, невысокай трапезнай. Асноўны аб'ём увянчаны 8-гранным светлавым барабанам з шатровым верхам, які быў завершаны купалком. Фасады раскрапаваны буйнымі лапаткамі, апяразаны карнізамі. Высокія арачныя аконныя праёмы ў 2 ярусы дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі. Бакавыя ўваходы аформлены 2-слуповымі ганкамі.

У інтэр'еры зала перакрыта ветразевым скляпеннем на 4 слупах, якія падтрымліваюць 8-гранны светлавы барабан з 4 арачнымі аконнымі праёмамі. Апсіду вылучае 2-ярусны іканастас на 20 абразоў з залачонымі рамамі і карнізамі.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)