Чудзін. Храм вялікамучаніка Георгія Перамоганосца
2009.09 Фота Герасімені В.
Гістарычны агляд:

Будынак Чудзінскай царквы ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца з’яўляецца мабыць адной з старэйшых драўляных пабудоў на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Годам яе пабудовы лічыцца 1867. Але і да гэтага часу ў Чудзіне быў свой храм. Аб гэтым сведчыць рапарт Завішчанскага благачыннага святара Іаана Бабарыкіна да архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Міхаіла: "Майго ведамства Будчанскага прыходу пры сяле Чудзін стаіць на могілках паўразбураная капліца, у якой пасля далучэння ўніяцкай к праваслаўнай царкве праходзілі богаслужэнні. Аднак зараз з-за ветхасці якой, святары не праводзяць богаслужэнні, а толькі адпяваюць перад пахаваннем. Зараз сяляне вёскі Чудзін жадаюць аднавіць царкву ўласнымі намаганнямі ў такім выглядзе, каб у ёй маглі праводзіцца богаслужэнні. Таксама яны хочуць каб царква была прыпісана да Будчанскай да якой належыць і зараз. Даносячы аб гэтым Вашаму Высокапраасвяшчэнству прашу дазволіць Чудзінскім сялянам пабудаваць на месцы разбуранай царквы новую. Так як бліжэйшая – Будчанская прыходская царква знаходзіцца на адлегласці ў 10 вёрст, а з-за кепскай дарогі жыхары вёскі Чудзін часта не маюць магчымасці слухаць богаслужэнні”. Дакумент гэты датуецца 24 чэрвенем 1865 года.

Будаўніцтва новай царквы было завершана ў студзені 1867 года. А ўжо ў красавіку ў Мінскую духоўную кансісторыю паступіў рапарт: "Маю павагу дакласці, што новазбудаваная царква, прыпісаная к прыходскай Будчаснкай, 25 красавіка была асвешчана ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца. Будчанскі благачынны святар Віктар Дамінікоўскі”.

У 1898 годзе пры царкве была пабудавана царкоўнапрыходская школа. На 1911 год адпаведна Спісу царкоўнапрыходскіх школ Мінскай губерні ў школе вёскі Чудзін вучылася 57 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, настаўнікам быў Аляксандр Ярашэвіч.

Большую частку другой паловы ХХ стагоддзя царква была зачынена, не дзейнічала і паступова разбуралася. Напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя жыхары вёскі Чудзін рашылі аднавіць работу царквы. Пачаўся збор сродкаў на рэстаўрацыю, кожны ў меру сваіх магчымасцей дапамагаў хутчэйшаму аднаўленню святыні. І ў 1989 годзе адрамантаваная і адноўленая царква адчыніла свае дзверы для прыхаджан і наведвальнікаў.

Царква ў Чудзіне знаходзіцца на старых закрытых могілках у цэнтры вёскі. Перад царквой пастаўлена аднаярусная вертыкальна ашаляваная званіца з шатровым пакрыццём. Георгіеўская царква ў Чудзіне – помнік народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны выцягнуты па падоўжанай восі зруб завершаны трохграннай апсідай, з супрацьлеглага фасада далучаецца прамавугольны прытвор з ганкам. Яруснасць храма ствараюць рознавялікія двухсхільныя дахі зрубаў, цэнтральны завершаны гранёным барабанам з шатровым верхам.

http://www.gants-region.info/publ/vitalij_gerasimenja/khryscijanskija_svjatyni_gancawshchyny/chastka_pershaja_chudzin_ljudvikova/13-1-0-98

Царква ў гонар святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца

   На могілках. Пабудавана ў 1867 г. з дрэва'. Была прыпісана да Георгіеўскай царквы в. Будча. Перад царквой пастаўлена 1-ярусная вертыкальна ашаляваная званіца з шатровым пакрыццём. У 1898 г. пры царкве пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

   Помнік народнага дойлідства. Прамавугольны выцягнуты па падоўжнай восі зруб завершаны 3-граннай апсідай, з супрацлеглага фасада далучаецца прамавугольны прытвор з ганкам. Яруснасць храма ствараюць рознавялікія 2-схільныя дахі зрубаў, цэнтральны завершаны гранёным барабанам з шатровым верхам.

 ' РДГА, ф. 799, воп. 33, арк.91.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4