Гомель . Капліца-пахавальня
2007.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У парку культуры і адпачынку імя Луначарскага,уваходзіць у палацава-паркавы ансамбль 2-й палавіны 18 — сярэдзіны 19 ст., на высокім беразе р. Сож. Пабудавана ў 1870 — 89 гг. як пахавальня Паскевічаў. Мураваны храм выкананы паводле праекта акадэміка архітэктуры Я.Чарвінскага (чарцяжы выканаў архітэктар Майблюм). Будаўнічымі работамі кіравалі архітэктары Месмахер і Вегенер. Дэкаратыўныя работы праведзены мясцовымі майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971 — 75 гг.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна -рускага стылю, інтэрпрэтацыя маскоўскай царкоўнай архітэктуры 17 ст. Цэнтрычнае квадратнае ў плане вежападобнае збудаванне. Яго маляўнічы сілуэт фарміруе пазалочанае 5-купалле ў завяршэнні 8-граннага шатра з 4 аконнымі праёмамі каля яго аснавання. На паўднёвым фасадзе прамавугольны ўваходны праём аформлены арачным парталам са слупамі-бочкамі, астатнія грані прарэзаны невялікімі аконнымі праёмамі ў такіх жа ліштвах. Фасады абліцаваны вохрыстай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. У дэкоры выкарыстаны бочка-падобныя і вітыя слупы, закамары, падзоры, ажурныя крыжы.

Керамічнай пліткай расліннага арнаменту аформлены інтэр'ер капліцы: аконныя адхілы пакрыты размалёўкай, алтар выкананы з чорнага мармуру. Лабрадарытам была абліцавана і ўнутраная цокальная частка сцен. Сцены былі пакрыты арнаментальнай размалёўкай (не захавалася).

Побач з капліцай размешчана ўваходная надбудова ў склеп-пахавальню, вырашаная кампактным прамавугольным аб'ёмам, вальмавы дах якой увянчаны макаўкай. Унутры размешчана лесвіца ў склеп. Яго тарцовая сцяна аформлена мазаічным з каляровай смальты пано з выявамі 2 анёлаў. У сцены былі ўмураваны мемарыяльныя пліты з імёнамі пахаваных тут членаў сям'і Паскевічаў.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)