Мір. Капліца-пахавальня
2012.09 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Мірская капліца, помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1904 годзе (архітэктар Р. Марфельд) у г. п. Мір (Карэліцкі раён) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх – уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Асноўны аб’ём прамавугольны ў плане, са зрэзанымі з паўночнага боку вугламі і 5-граннай апсідай. Галоўны фасад мае асімітрычна-дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, дамінантай якой з’яўляецца вежа-званіца (3-ярусная, 4-гранная завершана купалам). Галоўны фасад раскрапаваны рызалітам і аздоблены вялікім паліхромным (сіні, вохрысты, залацісты колеры) мазаічным пано “Хрыстос Уседзяржыцель” і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім прытворы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей архітэктурнага дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, асвятляецца 2 высокімі арачнымі вокнамі. Крыпта мае крыжовыя скляпенні на падпружных арках і злучана з ярусамі вежы драўлянымі вітымі ўсходамі. У зале і крыпце грубкі, абліцаваныя кафляй. Капліца не дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 346-347). (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

У палацавым парку князёў Светаполк-Мірскіх, пры старажытным замку. Пабудавана ў 1904 г. з цэглы паводле праекта пецярбургскага архітэктара Р.Марфельда як фамільны храм-пахавальня.

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Дынамічна-асіметрычную прасторавую кампазіцыю будынка складаюць прытвор, прамавугольная ў плане зала. 5-гранная апсіда, высокая 4-гранная званіца з купальным пакрыццём, змешчаная з восі фасада ў яго ўсходні куток. Прытвор вырашаны глыбокім рызалітом з трохвугольным франтонам; уваход аформлены магутным прыземістым арачным перспектыўным парталам, фланкіраваным контрфорсамі. Над прытворам размешчана маляўнічае мазаічнае пано з выявай Спаса (залаты фон, сіні хітон, вохрысты лік) . Франтальная грань званіцы дэкарыравана цынкавым чаканным картушам з выявамі гербаў старэйшых гарадоў: Кіева, Пскова, Ноўгарада, Масквы (імкненне ўладара падкрэсльць старажытнасць свайго роду) . Бакавыя фасады і апсіда расчлянёны высокімі і вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне заснавана на спалучэнні чырвонай высакаякаснай цаглянай муроўкі з ружовай бутавай муроўкай высокага цокаля і светлавымі атынкаванымі элементамі архітэктурнага дэкору: карнізы, фрыз «ізумруднага» руста, панэлі, калонкі, цягі, ліштвы. Колеравае вырашэнне храма (чырвоная цэгла, бутавы камень, бетон, маляўнічае мазаічнае пано) гарманіруе са старажытным замкам, паркавым асяродзем.

   Зала перакрыта крыжовым скляпеннем з фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. Ацяпляецца кафлянымі печамі. У бакавой грані званіцы ўваход у сутарэнні, перакрытыя крыжовым скляпеннем і звязаныя з залай і званіцай унутранымі вітымі сходамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4