Хабовічы. Храм Пакрова Божай Маці
2012.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Хабовіцкая Пакроўская царква, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў пачатку 20 стагоддзя ў в. Хабовічы (Кобрынскі раён). Традыцыйны тып праваслаўнага храма з трохчасткавай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якая ўключае шатровую званіцу, крыжападобны ў плане асноўны аб’ём і 5-гранную апсіду з бакавымі алтарамі. Над будынкам узвышаюцца 2 аднолькавыя светлавыя барабаны, завершаныя шатрамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. У аздобе выкарыстаны разныя карнізы, фігурная шалёўка, вуглавыя лапаткі. У 1987 адрамантавана. Царква дзейнічае.

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 475.

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы

   На заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1911 г. з дрэва на месцы папярэдняга храма.'

   Помнік сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана цэнтрычна-крыжовым асноўным зрубам, да якога праз кароткі бабінец далучаны прытвор-званіцв і 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма дамінуюць два 8-гранныя шатровыя барабаны з цыбулепадобнымі галоўкамі над сяродкрыжжам храма і прытворам. У дэкоры выкарыстаны фігурныя вертыкальна-гарызантальная шалёўка, разныя карнізы, вуглавыя лапаткі, ліштвы прамавугольных аконных праёмаў. Тры ўваходы аформлены слуповымі ганкамі пад 2-схільнымі пакрыццямі. Абразы 18 -19 ст.: «Віленскія мучанікі», «Георгій Перамоганосец», «Святы Ануфрый».

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 2, спр. 1105, арк. 1 — 2.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4