Галынка. Храм апосталаў Пятра і Паўла
2015.05 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

На паўночны захад ад вёскі на могілках. Пабудавана ў 1-й палове 19 ст. з дрэва ў маёнтку Вендорфаў на сродкі памешчыка Чыжа. У 1863 г. - рамантавалася. Адчынена пасля заняпаду ў 1990-я гг.

У семітрычна-восевай аб’ёмнай кампазіцыі храма пануе цэнтрычны васьмігранны асноўны аб’ём, да якога па падоўжанай восі прымыкаюць рознавялікія прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда, а таксама прыбудовы.

Над асноўным аб’ёмам, што падзелены вялікім карнізам з “адлівам” на два ярусы, гранёны паўсферычны купал даху з васьмігранным барабанам,завершаным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Усе аб’ёмы аб’яднаны адзіным бутавым цокалем і гарызантальнай шалёўкай. Сцены прарэзаны прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход у храм вылучаны высокім чатырохслуповым ганкам з трохвугольным франтонам. У арганізацыі ўнутранай прасторы паўтараецца агульная ступенчатая кампазіцыя царквы. Адносна нізкія прылеглыя памяшканні пераходзяць у высокую цэнтральную гранёную залу, перакрытую паўцыркульным скляпеннем са светлавым барабанам. Над уваходам – хоры з балюстрадай, што пераходзяць у двух’ярусныя абходныя галерэі цэнтральнай залы.

Адзіны ансамбль з царквою складае брама-званіца, размешчаная перад галоўным уваходам. Уяўляе сабой квадратнае ў плане двух’яруснае збудаванне з шатровым верхам на нізкім васьмігранным барабане, завершаным макаўкай. Каркасная канструкцыя запоўнена драўляным брусам. Праёмы першага і другога ярусаў вырашаны ў выглядзе трапецападобных арак.

Царква і брама-званіца – помнікі народнага драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму.

* Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 1. / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1984, стар. 213-214.

 

На могілках. Пабудавана ў 1788 г. з дрэва ў маёнтку Вендорфаў на сродкі памешчыка Чыжа.

У царкоўным архіве захоўваліся візітныя кнігі з 1745 г. У 1863 г. адрамантавана на ўрадавыя сродкі (2 тыс. руб.). У 1909 г. збудавана 1-павярховая драўляная царкоўнапрыходская школа. Да 1990 х гг. была ў заняпадзе.

Помнік народнага дойлідства з рысамі архітэктуры класіцызму. У сіметрычна-восевай аб'ёмнай кампазіцыі храма пануе цэнтрычны 8-гранны асноўны аб'ём, да якога па падоўжнай восі прымыкаюць рознавялікія прамавугольныя ў плане бабінец і апсіда з бакавымі рызніцамі. Над асноўным аб'ёмам, што падзелены вялікім карнізам з адлівам на 2 ярусы, гранёны паўсферычны купал, над якім 8-гранны барабан з шатровым завяршэннем і макаўкай наверсе. Усе аб'ёмы аб'яднаны адзіным бутавым цокалем і гарызантальнай шалёўкай фасадаў. Сцены прарэзаны прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Галоўны ўваход у храм вылучаны высокім 4-слуповым ганкам з трохвугольным франтонам.

У арганізацыі ўнутранай прасторы паўтараецца агульная ступенчатая кампазіцыя царквы. Адносна нізкія прылеглыя памяшканні пераходзяць у высокую цэнтральную гранёную залу, перакрытую паўцыркульным скляпеннем на светлавым барабане. Над уваходам хоры з балюстраднай агароджай, што пераходзяць у 2-ярусныя абходныя галерэі цэнтральнай залы. У апсідзе ў 1863 г. ўстаноўлены новы драўляны 2-ярусны іканастас, архітэктоніка якога заснована на чляненні канеліраванымі пілястрамі з пазалочанымі капітэлямі, што падтрымліваюць прафіляваны антаблемент. Царскія вароты разныя, у арнаментальныя звівы ўкампанаваны медальёны з выявамі евангелістаў. Іканастас упрыгожаны жывапісам мясцовых майстроў, накладной арнаментальнай разьбой, мае шэра-белае каляровае вырашэнне з пазалотай.

Адзіны ансамбль з царквой складае брама-званіца, пастаўленая ў 1863 г. Перад галоўным уваходам. Уяўляе сабой квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з шатровым верхам на нізкім 8-гранным барабане, завершаным макаўкай. Каркасная канструкцыя запоўнена драўляным брусам. Праёмы 1-га і 2-га ярусаў вырашаны ў выглядзе трапецападобных арак.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4