Трабы. Храм апосталаў Пятра і Паўла
2007.08
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла

   У цэнтры вёскі. Заснавана каля 1680 г., пабудавана ў 1784 г. з дрэва, перабудавана на мяжы 19 — 20 ст.

   Помнік народнага дойлідства. Да 4-сценнага зруба царквы далучана 5-гранная апсіда з нізкімі бакавымі рызніцамі. Двухсхільны дах трохвугольнымі застрэшкамі пераходзіць у вальмавы над апсідай; на галоўным фасадзе і над апсідай завершаны гранёнымі барабанамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Франтон галоўнага фасада па вуглах завершаны дэкаратыўнымі вежачкамі з гранёнымі галоўкамі. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў прамавугольных ліштвах.

   У агульнай прасторы малітоўнай залы перагародкай вылучаны прытвор, на якім размешчаны хоры. Інтэр'ер царквы аформлены ў пачатку 20 ст. Разны іканастас выкананы з пакрытага лакам маронага дубу ў 2 ярусы, расчлянёны калонамі з разным арнаментальным дэкорам. Абраз 18 ст. «Узнясенне».

   У пачатку 20 ст. перад царквой пастаўлена зрубная 2-ярусная 4-гранная брама-званіца, завершаная нізкім шатровым васьмерыком з макаўкай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4