Медна. Капліца Праабражэння Гасподняга
2008.05
Гістарычны агляд:

На паўднёвай ускраіне вёскі. Пабудавана ў 18 ст. з дрэва, перабудавана ў 1848 г.

   Помнік народнага дойлідства. Архітэктурная выразнасць храма дасягаецца сродкамі прасторава развітай аб'ёмнай кампазіцыі. Да прамавугольнага ў плане зруба праз невялікі бабінец далучаецца зграбная 1-ярусная званіца аднолькавай вышыні з асноўным аб'ёмам, накрытая 2-схільным гонтавым дашком з макаўкай па цэнтры. Эфектна выглядае рытмічнае спалучэнне трохвугольных абшытых «у елку» франтонаў гонтавых дахаў. Вальмавы схіл над алтарнай сцяной завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Элемент асіметрыі ў кампазіцыю храма ўносіць левая прыбудова нізкай рызніцы пад 1-схільным дахам. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, па вуглах абшыты дошкамі.

   Унутры брусчатыя неашаляваныя сцены малітоўнай залы афарбаваны алеем. Апсіда ўнутры храма вылучана постым дашчаным іканастасам. Абраз 17 — 18 ст. «Іван Багаслоў» і 3 святочныя абразы ў сярэбраных шатах на паўднёвай сцяне малітоўнай залы.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.