Дзівін. Храм Раства Прасвятой Багародзіцы
2012.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1902 г. з дрэва. Хадайніцтва аб будаўніцтве новай праваслаўнай царквы на месцы струхлелай было пададзена прыхаджанамі ў 1879 г'.

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Мае 4-часткавую аб'ёна-прасторавую кампазіцыю: прытвор-званіца, кароткі бабінец, кубападобны аб'ём малітоўнай залы з нізкімі бакавымі прыдзеламі, 5-гранная апсіда. Дамінуючы франтальны аб'ём набыў складаную зрубную кампазіцыю: над прамавугольным папярочным зрубам прытвора з кубападобнай узвышанай цэнтральнай часткай узведзены 3-ярусны васьмярык званіцы, завершаны шатром з макаўкай. Над пакатым 4-схільным дахам асноўнага аб'ёму надбудаваны нізкі 4-гранны пастамент для 8-граннага барабана, завершанага цыбулепадобным купалам. Уваход арганізаваны праз нізкі прытвор пад 2-схільным дашкам. Гарызантальна ашаляваныя фасады апяразаны разнымі фрызамі і падзорамі. Унутры апсіда вылучана драўляным іканастасам.

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 23, воп. 1, спр. 21.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.