Шэбрын. Храм Раства Прасвятой Багародзіцы
2008.05
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы

   На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1793 — 98 гг. з цэглы. Адрэстаўрыравана ў 2001 — 02 гг.

   У архітэктуры царквы ўвасобіўся лаканічны, строгі і рытмічны стыль класіцызму. Просты і кампактны прамавугольны ў плане аб'ём накрыты 2-схільным дахам, трохвугольны франтон якога завяршае плоскасны галоўны фасад. Ён, як і бакавыя фасады, рытмічна расчлянёны шырокімі лапаткамі, лучковымі аконнымі праёмамі і нішамі. Вуглы будынка скруглены.

   Зала храма 4 драўлянымі слупамі падзелена на 3 нефы. Бакавыя 2-павярховыя рызніцы і апсіда паміж імі размешчаны ўнутры асноўнага аб'ёму і злучаны паміж сабой шырокімі бакавымі арачнымі прасветамі; над уваходам хоры. Апсіда асветлена 8-граннай люкарнай.

   Мураваная званіца пастаўлена асобна збоку перад храмам і вырашана ў адзіным з царквой архітэктурным стылі: цэнтрычнае, квадратнае ў плане вежападобнае збудаванне пад шатровым дахам з макаўкай. Плоскасныя грані крапаваны вуглавымі пілястрамі і прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4