- Гістарычны агляд:
Кафедральны сабор у гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы
У гістарычным цэнтры горада, насупраць Троіцкага касцёла. Пабудавана ў 1639 — 54 гг. з цэглы па фундацыі ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісенскага Іосіфа Львовіча Корсака (пахаваны ў крыпце) як касцёл Успення Багародзіцы кляштара кармелітаў «босых». У 1735 г. перабудаваны архітэктарам І.К. Глаўбіцам.
Кляштар скасаваны ў 1861 г. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3.9.1878 г. ў праваслаўную Ражджаства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвячэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 г. на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. руб. сераб-ром. У склепе пад царквой , у адной з ніш надпіс на лацінскай мове: «Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго — на небе». Часткова пашкоджаны ў вялікую Айчыную вайну. Пры храме дзейнічае дзіцячы хор.
Помнік архітэктуры віленскага барока (першы ўзор на Беларусі) . У плане храм меў выгляд працяглага прамавугольніка, які ўключаў 3-нефавую базіліку, вылучаную бакавымі сакрысціямі прамавугольную апсіду, шэраг аб'яднаных калідорам келляў за ёй. У адрозненне ад спрошчанага планіровачнага вырашэння аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала шмат'ярусны шматпланавы выгляд. Вуглы храма адзначаны 4 вежамі, 2-ярусны пераход нефаў з вылучэннем крылаў трансепта. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які фланкіруюць 2 зграбныя шмат'ярусныя вежы, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Іх вертыкальны дынамічны рух узмацняецца вузкімі і высокімі арачнымі праёмамі, шматлікімі крапоўкамі. Паміж вежамі ўзнесены фігурны ступеньчаты франтон. Ніжні ярус фасада вылучаны па цэнтры багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі-экседрамі. У сяродкрыжжы будынка пасля 1863 г. быў узведзены драўляны барабан з купалам (згарэў у 1944 разам з верхнімі ярусамі вежаў) .
У інтэр'еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У 1863 г. пастаўлены іканастас. Мастацкую каштоўнасць уяўляе перавезены з царквы в. Сарокі (Глыбоцкі раён) абраз «Маці Божая з дзіцем» (1738) .
У 1735 г. перад храмам пастаўлена барочная 3-арачная 2-ярусная мураваная брама. Да паўночна-заходняга боку апсіды храма дабудаваны 3-павярховы жылы корпус (часткова разабраны ў 1892) .
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.