Віцебск. Храм Духа Святога
2014.05 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Драўляная Свята-Духаўская праваслаўная царква была пабудавана віцебскім князем Альгердам ў першай палове XIV стагоддзя на ўзгорку (Духаўская гара) пры зліцці Гапеева, Дуная і безназоўнага ручаёў. Царква была адной з галоўных святынь горада. У прывілеях на правы і вольнасці баярам і мяшчанам Віцебска вялікія князі ВКЛ Вітаўт і Казімір Ягелончык абавязваліся «в церкви Божьи не вступатися, в дом Божий Святого Духа и в дом Божий Благовещения Пречистое и иные церкви не вступатися». Галоўным апекуном храма з’яўлялася Марыя Яраслаўна, першая жонка князя Альгерда. Другая яго жонка, цвярская княжна Юльянія, заснавала пры царкве жаночы манастыр, дзе ў 1392 годзе сама прыняла манаскі пострыг з імем Марфаі пасля смерці была пахавана ў ім. Царква Святога Духа згадваецца ў прывілеі 1503, дадзеным жыхарам Віцебскай зямлі польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аляксандрам Ягелончыка: «Штож нам у дамы царкоўны, у дом Божы свет Багародзіцы, і ў дом Божы свет Духа, і теж ў дом Божы Дабравешчанне Прачыстай і у іншыя церькви ня вступатися». Пасля заключэння царкоўнай уніі 1596 г. Свята-Духаў храм, як і іншыя, цярпеў прыцясненні, якія асабліва ўзмацніліся пасля забойства віцябчанамі уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Манастыр пацярпеў у час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гг. Паводле “Чарцяжа” Віцебска 1664 г., храм быў драўляны, з пяцю шатровымі вярхамі, завершанымі выцягнутымі галоўкамі на барабане. 18 студзеня 1697 года ўніяцкі архіепіскап Полацкі Марцін Белазор выдаў грамату на фундуш земскаму суддзі Віцебскага ваяводства князю Фёдару Лукомскаму на аднаўленне жаночага базыльянскага манастыра пры царкве Святога Духа. Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебск увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1792-1793 гадах на сродкі мяшчаніна Патапа Бібкі і яго сыноў Свята-Духаўскі храм быў цалкам перабудаваны, у левай вежы былі павешаны званы, пад царквой размясцілася крыпта з пахаваннямі, былі ўладкаваныя 2 рызніцы, 7 алтароў. У абіцелі былі ўзведзены каменныя 2-павярховыя келлі, гаспадарчыя пабудовы. Пры кляштары існаваў платны пансіён для 19 дзяўчынак. У пачатку XIX стагоддзя ў манастыры жылі 14 манашак. Пасля скасавання уніі ў 1839 г. манастыр зноў стаў праваслаўным. Да сярэдзіны 19 ст. манастыр прыходзіць у запусценне: у 1855 годзе тут заставалася толькі шэсць пажылых манашак. У 1885-м манастыр быў зачынены, а ў яго будынках размясцілася Полацкае жаночае епархіяльнае вучылішча. У 1898 г. на сродкі Полацка-Віцебскай епархіі быў узведзены новы 3-павярховы манастырскі будынак. Адначасова была перабудавана і Свята-Духава царква ў стылі маскоўскай архітэктуры. Пасля рэвалюцыі 1917 г. духоўнае вучылішча было ліквідавана, а царква закрытая. У будынку вучылішча размяшчаўся Віцебскі губвыканкам. У 1936 г. быў знішчаны архіў Свята-Духава манастыра. У 1948 г. Свята-Духаўская царква існавалаў паўразбураным стане, адсутнічалі скляпенні і большая частка сцен. Храм узарваны ў 1962 г. Вынікі археалагічных даследаванняў, праведзеных на тым месцы ў 1980-я гады, знаходзяцца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. 3 мая 2001 года Свята-Духаў жаночы манастыр быў адроджаны рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Келлі манашак, трапезная і дамавая царква ў гонар святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі размяшчаюцца ў будынках комплексу культурна-духоўнага цэнтра ля падножжа Успенскай гары на вуліцы Талстога. У 2009-10 гадах да асноўнага будынка, пабудаванага ў XIX - пачатку XX стагоддзяў, прыбудавана двухпавярховая пабудова. У 2010-12 гадах на тэрыторыі манастыра ўзведзена новая аднакупальная царква Святога Духа. 24 лістапада 2012 г. храм быў асвечаныархіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем. Манастыр знаходзіцца ў мураваным будынку 19 ст. Мае развітую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю са складанай канфігурацыяй плана — 3 рознавялікія крылы, што абмяжоўваюць унутраны двор. Галоўны асіметрычны фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі сандрыкамі і паўкруглымі нішамі. Плоскасць фасада падзелена на паверхі прафіляваным поясам і карнізам, завершана двума трохвугольнымі франтонамі. Будынак падзелены на шэраг секцый з самастойнымі ўваходамі, пераважна з двара. У архітэктуры выкарыстаны эле¬менты класіцызму. Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 83-84.