Пустынкі. Сабор Успення Божай Маці
2006.09
Гістарычны агляд:

ПУСТЫНКІ. УСПЕНСКІ МАНАСТЫР Помнік дойлідства XVIII—ХІХ стст. Размешчаны за 2 км на поўдзень ад в. Пустынкі (Мсціслаўскі р-н). Заснаваны ў 1380 г. У пачатку XVII ст., у канцы XVIII — ХІХ стст. перабудаваны. Комплекс уключае Успенскі сабор, манастырскі корпус з царквой, званіцу, школу, капліцу, две гаспадарчыя пабудовы і тры жылыя дамы. Займае значную тэрыторыю, абнесеную з поўдня і захаду цаглянай сцяной, з поўначы — пасадкамі дуба, ліпы, асіны, з усходу — ровам, за якім размешчана штучная сажалка. Ад брамы да манастырскага корпусу і сабору вядзе пад’язная ліпавая алея. Успенскі сабор (захаваўся часткова) пабудаваны ў 1-м дзесяцігоддзі ХІХ ст. з цэглы. У дойлідстве выкарыстаныя элементы барока. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прастакутнай апсідай. У сярэдзіне ХІХ ст. над сяродкрыжжам узведзены купал на светлавым барабане (не захаваўся). Галоўны фасад храму мае трохчасткавую будову. Цэнтральная частка крапаваная плоскімі пілястрамі з іанічнымі капітэлямі, завершаная трохкутным франтонам. Фасад быў фланкіраваны вежамі (не захаваліся). Цэнтральны і бакавыя ўваходы завершаныя трохкутнымі франтончыкамі. Багатая пластыка пабудовы абумоўленая крапоўкай фасадаў і кутоў апсіды пілястрамі, лучковымі нішамі, якія аздоблены ліштвамі з замковым каменем. Алтарная частка вылучаная чатырма трохчвэртнымі калонамі на масіўных пастаментах. У заходняй частцы над нартэксам размешчаныя хоры. Манастырскі корпус пабудаваны на рубяжы XVIII—ХІХ стст. з цэглы, мае элементы класіцызму. Двухпавярховы Г-падобны ў плане будынак складаецца з двух злучаных паміж сабой аб’ёмаў. Адзін з іх мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, цэнтрам якой з’яўляецца аднанефавая крыжова-купальная царква з высокай паўкруглай апсідай. Галоўны фасад царквы вылучаны глыбокім рызалітам, завершаным трохкутным франтонам. У рызаліце размешчаны партал цэнтральнага ўвахода, аформлены калонамі і высокім мураваным ганкам. Над прытворам узвышалася вежа, над сяродкрыжжам — масіўны барабан з купалам (не захаваліся). Бакавыя крылы сіметрычна прылягаюць да аб’ёму царквы, асветленыя прастакутнымі вокнамі на першым і лучковымі на другім паверхах. Званіца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная на адной восі з саборам, перад яго цэнтральным уваходам. Уяўляе сабой высокую пяціярусную пабудову, завершаную шпілем (не захаваўся). Першы (самы масіўны ярус) прастакутны ў плане, дэкарыраваны з усходнягя і заходняга фасадаў рызалітамі. Другі і наступныя ярусы васьмігранныя. У пабудове выкарыстаныя элементы псеўдарускага стылю. Школа пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Да яго з тарцоў далучаныя два аб’ёмы, пабудаваныя ў пачатку ХХ ст. Фасады крапаваныя па кутах руставанымі лапаткамі. Капліца пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Размешчаная ва ўсходняй частцы комплексу, непадалёку ад штучнай сажалкі. Уяўляе сабой невялікі аднанефавы храм сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з паўкруглай апсідай. Фасады храму крапаваныя прафіляванымі лапаткамі. Тры жылыя дамы будаваліся адначасова з гаспадарчымі пабудовамі. Маюць прастакутныя рознавялікія планы, будова фасадаў сіметрычная. У дэкоры выкарыстаныя лапаткі (па кутах) і аркатурныя паясы. Стайня пабудаваная ў 2-й палове ХІХ ст. Аднапавярховы цагляны П-падобны ў плане будынак. Паверхня сцен крапаваная пілястрамі. У дэкоры выкарыстаны аркатурны пояс, які праходзіць пад карнізам. Свіран пабудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. з цэглы. Прастакутны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры пад карнізам праходзіць аркатурны пояс. Пасля ІІ Сусветнай вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом, потым школа, брыгада саўгасяу (да 1988). Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння. А.Ю. Пятросава http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

Свята-Успенскі манастыр

   За 10 км на поўнач ад Мсціслава. Заснаваны ў 1380 г. мсціслаўскім князем С. Лугвенам, сынам вялікага князя Альгерда.

Архітэктурны ансамбль уключае 3 храмы: Успенскі сабор, Ражджаства-Багародзіцкую царкву, келейны корпус з Пакроўскай царквой, званіцу, школу, 2 гаспадарчыя пабудовы і 3 жылыя дамы. Вызначаецца стылявой разнастайнасцю: барока, класіцызм, рэтраспектыўна-рускі стыль. Тэрыторыя абнесена з поўдня і захаду цаглянай сцяной, з поўначы — дрэвамі, з усходу — ровам, за якім размешчана штучная сажалка. Ад брамы да манастырскага корпуса і сабора вядзе пад'яздная ліпавая алея.

Паводле падання, князь Лугвен моцна захварэў і аслеп. У сне яму з'явіўся старац з прапановай: «Калі жадаеш пачаць бачыць, ідзі ў пустань і памыйся вадой з крыніцы, тады набудзеш жаданае». Такое месца яму нагадаў старац. Амыўшы вочы, князь вярнуў зрок і ўбачыў у галінках ліпы абраз Маці Божай. На гэтым месцы ён заснаваў манастыр. Дзякуючы шчодрым ахвяраванням манастыр яшчэ ў 15 ст. авалодаў значнымі маёнткамі. У 1560 г. ў час Лівонскай вайны манастыр моцна пацярпеў, на доўгі час прыйшоў у заняпад. У 1578 г. кароль Стафан Баторый перадаў манастыр полацкаму архіепіскапу Феафану, а ў 1585 г. манастыр перайшоў пад кіраўніцтва папоўскага сына Мацвея Яўпаціевіча. У 1596 г. быў заняты манахамі-базыльянамі, якія жылі тут да 1839 г. Летам гэтага ж года настаяцель манастыра іераманах Іаан Касікоўскі перайшоў у праваслаўе. Але манастыр быў у нездавальняючым стане і ішоў да заняпаду, пакуль у 1859 г. на яго кіраўніцтва не быў прызначаны святар Феадосій Ляўчынскі, які ў 1866 г. быў узведзены ў сан архімандрыта. Ён пачаў аднаўленне манастыра і ў 1869 г. зацвердзіў праваслаўнае брацтва. На мяжы 18 — 19 ст. манастыр перабудаваны. На пачатак 20 ст. прыстанак валодаў 312 дзесяцінамі зямлі.

Сабор ў гонар Успення Багародзіцы.

Мураваны храм пачаў будавацца ў 1801 г., завершаны ў 1808 г на сродкі дабрачынца Гайко. Асвячоны полацкім уніяцкім архіепіскапам Іракліем Лісоўскім. Да 1869 г. меў выгляд каталіцкага касцёла, пакуль яму не надалі крыжовую планіровачную форму і не ўзвялі вялікі купал на светлавым барабане з 4 вуглавымі малымі апостальскімі галоўкамі. Паўторна храм быў асвячоны архіепіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Яўсеніем 29.6.1869 г. Храм захаваўся часткова.

Помнік архітэктуры класіцызму. Уяўляе сабой 3-нефавую 2-вежавую крыжова-купальную базіліку з прамавугольнай трапезнай і паўкруглай апсідай з бакавымі рызніцамі, бакавымі прыдзеламі. Галоўны фасад мае 3-часткавае чляненне: цэнтральная частка раскрапавана іанічнымі пілястрамі і завершана трохвугольным франтонам; быў фланкіраваны вежамі. Такімі ж франтонамі завершаны цэнтральны і бакавыя ўваходныя парталы. Бакавыя фасады і апсіда крапаваны пілястрамі, лучковымі нішамі з замковым каменем.

Унутраная прастора храма магутнымі пілонамі і перакінутымі паміж імі падпружнымі аркамі падзелена на 3 нефы. Апсіда вылучана 4 трохчвэртнымі калонамі на масіўных пастаментах, у яе вуглах у тоўшчы алтарнай сцяны 2 вітыя лесвіцы. Такая ж лесвіца па франтальнай сцяне вядзе на званіцу. У заходняй частцы над нартэксам размешчаны хоры. У 1869 г. створаны іканастас. Меўся шанаваны патрыяршы абраз «Маці Божая» ў сярэбранай рызе.

Царква ў гонар Раства Багародзіцы знаходзіцца пад стромкім пагоркам манастырскай плошчы. Пабудавана ў 1864 г. над крыніцай, дзе, паводле падання, з'явіўся абраз «Маці Божай». Асвячона 15.8.1863 г. архімандрытам Мікалаем. Адноўлена ў 2003 г. з цэглы ў стылізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Вырашана кубападобным аб'ёмам пад шатровым дахам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай на высокім гранёным барабане. Да фасада далучаны прамавугольны прытвор, завершаны кілепадобным дахам. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і нішамі. Над апсідай узведзена макаўка.

Келейны корпус і Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы пабудавана ў 1860-я гг. з цэглы. Храм асвячоны 1.10.1865 г. архіепіскапам магілёўскім Яўсеніем і пасля рамонту 17.5.1898 г. архіепіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Міхаілам.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Двухпавярховы Г-падобны ў плане аб'ём складаецца з 2 злучаных паміж сабой крылаў. Франтальнае з іх мае сіметрычна-восевую пабудову, адзначаную па цэнтры 1-нефавай крыжова-купальнай царквой з паўкруглай 2-яруснай апсідай. Галоўны фасад вылучаны глыбокім рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні і парталам цэнтральнага ўвахода, аформленым калонамі і высокім ганкам. Над прытворам узвышалася вежа-званіца, над сяродкрыжжам — масіўны 8-гранны барабан са сферычным купалам (не захаваўся). Бакавыя крылы сіметрычна далучаны да аб'ёму царквы, іх франтальныя фасады рытмічна расчлянёны аконнымі праёмамі прамавугольнымі на 1-м і лучковымі на 2- паверсе. Планіроўка галерэйная ў асноўным крыле і калідорная ў бакавым.

Званіца стаіць перад саборам. Пабудавана ў 2-й палавіне 19 т. з цэглы.

Помнік архітэктуры рэтраспекрыўна-рускага стылю. Высокая 5-ярусная вежавая пабудова, завершаная шлемападобным купалам (не захавалася). Першы масіўны прамавугольны ў плане ярус на франтальных фасадах вылучаны рызалітамі. Верхнія ярусы 8-гранныя.

Школа пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст. з цэглы, кіравалася архімандрытам. У пачатку 20 ст. мелася царкоўна-настаўніцкая земляробчая школа, бяднейшыя з вучняў якой знаходзіліся на поўным манастырскім забеспячэнні.

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Да тарцовых фасадаў далучаны 1-павярховыя крылы пад 1-схільнымі дахамі. Фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з сандрыкамі, па вуглах крапаваны руставанымі лапаткамі. Планіроўка 1-га паверха калідорная (цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі), 2-га — анфіладная. Цыліндрычнымі скляпеннямі перакрыты класныя пакоі (захаваліся часткова), шэраг памяшканняў перакрыты плоскай столлю. У адным з іх захаваўся фрагмент фрэскавага роспісу з выявай Хрыста.

Жылыя дамы будаваліся адначасова з гаспадарчымі пабудовамі ў 2-й палавіне 19 ст.

Тры дамы вырашаны прамавугольнымі ў плане сіметрычна-восевымі будынкамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вуглавыя лапаткі і аркатурныя паясы. Плоскасныя атынкаваныя фасады рытмічна расчлянёны аконнымі праёмамі прамавугольнымі на 1-м і арачнымі на 2-м паверхах.

Стайня пабудавана ў 2-й палавіне 19 ст.

Аднапавярховы П-падобны ў плане будынак. Фасады крапаваны пілястрамі, аркатурнымі паясамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4