- Гістарычны агляд:
МАЗАЛАВА. ЦАРКВА ЎШЭСЦЯ ГАСПОДНЯГА Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1827—32 гг. у в. Мазалава (Мсціслаўскі р-н) паводле праекту дойліда А. Мельнікава. Мураваны амаль квадратны ў плане трохнефавы чатырохстаўповы храм, да якога па восі ўсход-захад прымыкаюць паўкруглая апсіда, прытвор і чатырох’ярусная вежа-званіца (над галоўным уваходам) са шпілем. Сяродкрыжжа завершанае купалам на круглым у плане светлавым барабане. Галоўны і бакавыя ўваходы з чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэру завершаныя трохкутнымі франтонамі. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя гарызантальны руст, дэкаратыўная скульптура. Нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Царква ў паўразбураным стане.
В.Ф. Марозаў http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod
На заходняй ускраіне вёскі. Уключаў 2 царквы: у гонар Узнясення Гасподняга і імя свяціцеля Мікалая Цудатворца (не захавалася).
Першы манастыр заснаваўся ў 2-й палавіне 14 ст. Лугневым, сынам вялікага князя Альгерда. У 1631 г. архімандрытам служыў уніяцкі царкоўны дзеяч Р.Корсак (1595 — 1640). У 1665 г. пашыраны дачкой мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Марыянай. У 1743 (1727?) г. быў пераведзены ў унію. У 1778 г. аддадзены праваслаўным. Пры манастыры дзейнічалі 2 царкоўнапрыходскія школы для дзяўчат і хлопчыкаў. У пачатку 20 ст. манастыр налічваў 75 манашак.
Царква ў гонар Узнясення Гасподняга пабудавана ў 1799 г. на сродкі графіні Чарнышовай і перабудавана ў 1827 — 32 гг. паводле праекта архітэктара А.І.Мельнікава. Помнік архітэктуры класіцызму. Уяўляе сабой крыжова-купальны храм з паўцыркульнай апсідай. Галоўнай вертыкальнай дамінантай будынка з'яўляецца 2-ярусная (цыліндр на чацверыку) вежа-званіца з цыбулепадобным купалам. Праз кароткую трапезную яна злучана з асноўным квадратным у плане аб'ёмам, завершаным цыліндрычным светлавым барабанам са сферычным купалам. Кампазіцыя асноўнага аб'ёму 2-ярусная: высокія прамавугольныя аконныя праёмы 1-га яруса вылучаны на руставаным фоне фасадаў, 2-га — амаль квадратныя. Раней галоўны і бакавыя ўваходы былі вылучаны 4-калоннымі класічнымі порцікамі іанічнага ордэра. Крапоўка фасадаў абмежавана пілястрамі і пераметральным прафіляваным карнізам, была выкарыстана скульптура.
Унутраная прастора 4 слупамі падзелена на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Пры ўваходзе хоры. Меўся мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», прывезены з Чарнігаўскай губерні і падараваны графіняй Чарнышовай.
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца была ўзведзена ў 1880 г. з цэглы, не захавалася. Прамавугольны ў плане будынак быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем і чляніўся на бакавых сценах прамавугольнымі з люкарнамі аконнымі праёмамі.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Адрас
- 213477 Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, в. Мазалава
- Епархія
- Магілёўская
- Благачынне
- Мсціслаўскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- не дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1799
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 18













2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.