Віцебск. Храм Уваскрасення Хрыстова
2009.03 Фота Фёдаравай Т.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Уваскрасення Хрыстова (Рынкавая)

   На вул. Суворава, перад ратушай. Пабудавана ў пачатку 21 ст. з цэглы на ўзор папярэдняга храма (арх. І.М. Рацько, А.Д. Міхайлюкоў) . Існавала на правым беразе р. Віцьба, на рове, у паўднёва-заходнім баку ад ратушы, на гандлёвай плошчы, побач з крамамі, і таму называлася Рынкавай. Пабудавана як уніяцкая ў 1772 г. з цэглы цэхам кажамякаў па фундацыі віцебскага мешчаніна Мікалая Смыка на месцы папярэдняй старажытнай драўлянай Уваскрэсенскай царквы (адлюстравана на «Чарцяжы» Віцебска 1664 г.)'. Побач з ёй у 19 ст. была збудавана мужчынская гімназія. У 1812 г. французы стварылі ў ёй фуражны склад. З 1834  (65) г. стала

праваслаўнай, у сувязі з чым полацкім епархіяльным архітэктарам Порці быў складзены праект яе перабудовы''. Адлюстравана на малюнку Ю. Пешкі пачатку 19 ст. і Н. Орды 1875 -76 гг. У 1913 г. даследавана П.П.Пакрышкіным і адрамантавана'''. У маі 1922 г. канфіскаваны ўсе літургічныя каштоўныя рэчы''''. Разбурана ў 1936 г.

    Твор архітэктуры і мастацтва ракако. Мураваны 1-нефавы 2-вежавы храм з паўкруглай апсідай (арыентаваны на поўнач) . Галоўны фасад меў хвалістую ўвагнута-пукатую плоскасць, быў насычаны тонкапрафіляванымі шматслойнымі крапоўкамі, прысценнымі карынфамі калонамі ў прасценках арачных аконных праёмаў. Асабістую пластыку фасада і маляўнічасць яго сілуэту надавалі 2-ярусныя чацьверыковыя вежы зграбных і вытанчаных прапорцый з фігурнымі купалкамі-ківорыямі ў завяршэнні, між'яруснымі валютамі, моцна крапаваныя пілястрамі, прарэзаныя арачнымі прасветамі. Бакавыя фасады мелі плоскасны характар, рытмічна чляніліся высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. З прыстасаваннем пад праваслаўны храм архітэктарам Порці да галоўнага фасада быў прыстаўлены невялікі класіцыстычны 4-калонны порцік, зняты фігурны шчыт над апсідай (дабудаваны бакавыя рызніцы) , міжвежавы фігурны шчыт змяніў трохвугольны франтон, над дахам узведзены купал на «глухім» цыліндрычным барабане. У інтэр'еры існаваў фрэскавы роспіс канца 18 ст.

 

'  Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1993. С. 128.

'' РДГА, ф. 1488, воп. 1, адз. Зах. 359, арк. 1;

''' Ярашэвіч А.А. «... но и чинить не надобно» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971.

№ 2. С. 47.

'''' ДА Віцебскай вобл., ф.123, воп. 1, спр. 761, арк. 17, 20, 42.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.