Віцебск. Храм Успення Божай Маці
2008.06 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы

   На вул. Камуністычнай. Пабудавана ў 1858 г. з цэглы. Дзейнічае з 1989 г.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным у плане

аб'ёмам з паўкруглай апсідай, завершаным 2-схільным дахам з вальмай з боку франтальнага фасада і драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалком. Галоўны плоскасны фасад 3-восевы: па цэнтры прамавугольны ўваходны праём, па яго баках прамавугольныя аконныя праёмы, размешчаныя ў 2 ярусы. Бакавыя фасады расчлянёны буйнымі лапаткамі на 3 праслы, апярэзаны прафіляваным карнізам і расчлянёны  на 2 ярусы прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

   Унутры будынак перакрыты плоскай столлю на 2 паверхі. На 1-м паверсе малітоўная зала,

ад якой мураваным прасценкам вылучана апсіда. Прасценак расчлянёны бакавымі лучковымі і цэнтральным прамавугольным уваходнымі праёмамі; ён служыць своеабразным іканастасам, дзе размешчаны абразы, у цэнтральным праёме — царскія вароты. Малітоўная зала па цэнтры падзелена на 2 палавіны 2 слупамі і перакінутымі цераз іх аркамі.  Другі паверх адзведзены пад апартаменты настаяцеля.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.