Мінск. Храм абраза Божай Маці "Сысканне загінуўшых"
2022.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

На вул. Карастыянавай, у парку «Дружбы народаў». Пабудавана ў 1996 — 98 гг. з цэглы паводле праекта архітэктара М.М.Дзятко. Ініцыятарам стварэння мемарыяльнага храма выступілі Мінская праваслаўная епархія і рэспубліканская асацыяцыя работнікаў праваахоўных органаў «Шчыт Чарнобыля». З благаславення ўладыкі Філарэта храму-помніку нададзены статус дзеючай капліцы. Прыпісана да хрысцільнай царквы ў імя прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай.

Архітэктура манумента заснована на стылізацыі форм старажытнарускага царкоўнага дойлідства, яго маскоўскай галіны 15 — 17 ст. Вырашана цэнтрычным 8-гранным вежападобным аб'ёмам, у завяршэнні якога пірамідальны каскад какошнікаў і цыбулепадобны купал на круглым барабане. Грані аб'ёму завершаны кілепадобнымі закамарамі, прарэзаны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі. Па 4 баках далучаны накрытыя бочкавымі дахамі і завершаныя кілепадобнымі закамарамі нізкія прамавугольныя аб'ёмы прытвора, бакавых прыдзелаў, апсіды. Тры ўваходы вырашаны арачнымі праёмамі ў перспектыўных кілепадобных парталах. У асобным памяшканні створаны мемарыяльны музей чарнобыльскай трагедыі.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)