- Гістарычны агляд:
Храм перанесены ў 1912 годзе з цэнтра горада на зачыненыя могілкі. Да 1989 года быў адзіным працуючым храмам у Кобрыне. Кобрынская Петрапаўлаўская царква, помнік драўлянага дойлідства. Упершыню ўпамінаецца ў 1465 годзе. Спачатку знаходзілася ў цэнтры Кобрына на Базарнай плошчы. У пачатку 1800 года яе наведваў А. В. Сувораў, дом якога знаходзіўся паблізу. Да 100-годдзя гадавіны смерці Суворава ў 1900 годзе было прынята рашэнне на месцы гэтай царквы пабудаваць цагляны храм, на які збіраліся ахвяраванні па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым старая царква была перанесена на могілкі (сучасная вуліца Першамайская), і перабудавана. Да 1-й сусветнай вайны быў закладзены фундамент новай царквы і сабраны будаўнічы матэрыял, але будаўніцтву храма перашкодзіла акупацыя Кобрына немцамі ў 1915 годзе. Царква (даўжыня 25 м, шырыня 19,4 м, вышыня 5,25 м) складаецца з 2-яруснай шатровай званіцы, асноўнага аб’ёму і прамавугольнай у плане апсіды. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.
(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 245-246).
На вул. Першамайскай. Пабудавана ў 1911 г. з дрэва.
Першая царква пабудавана ў 16 ст. на паўднёвай ускраіне Рынкавай плошчы, на вул. Чараваціцкай, на месцы скрыжавання сучасных вуліц Сувораўскай і Пушкінскай. Адзначана ў люстрацыі каралеўскага рэвізора Дзмітрыя Сапегі 1563 г. Храм часта наведваў А.В.Сувораў, які для яе аздаблення ахвяраваў некалькі абразоў. З 1847 г. святаром царквы быў царкоўны дзеяч, гісторык А.Кульчыцкі. У 1857 г. з-за аварыйнага стану закрыта, у 1862 г. перабудавана паводле праекта памочніка архітэктара Вендэнбаума.' У 1911 г. перанесена на могілкі.
Помнік драўлянага дойлідства. Вырашана 4-часткавай кампазіцыяй, якую складаюць асноўны кубічны зруб, завершаны пакатым шатром з цыбулепадобнай галоўкай, прамавугольная апсіда і прытвор, над якім размешчаны 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца. Гарызантальна ашаляваныя сцены (цокальная частка ашалявана вертыкальна) прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах. Асіметрыю ў агульную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю ўносіць нізкая прамавугольная рызніца, прыбудавана да апсіды і завершаная 8-гранным барабанам з цыбулепадобным купалам над 4-схільным пакатым дахам.
У інтэр'еры апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, царскія вароты якога выкананы на матыў спляценняў вінаграднай лазы вакол абразоў-тонда. Абразы 18 - 19 ст. «Маці Божая з дзіцем» (копія карціны Дж. Беліні), «Спас Пантакратар», «Архангел Міхаіл», «Архангел Гаўрыіл», «Мікалай Цудатворац», «Маці Божая Жыровіцкая», «Апосталы Пётр і Павел». Дзесяць абразоў на тэму пакут Хрыста напісаны ў 18 ст. адным майстрам у стылі барока - «Узяцце Хрыста ў палон», «Суд Хрыста ў Пілата», «Катаванне Хрыста», «Адзяванне цярновага вянца», «Нясенне крыжа», «Укрыжаванне» і інш.
Каля царквы ўстаноўлены надмагільны помнік малодшаму брату паэта Адама Міцкевіча Аляксандру Міцкевічу (1801 — 71), прафесару права Харкаўскага універсітэта, і яго сям'і. Помнік уяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анёла з крыжом, абвітым кляновай галінкай.
' НГАб у г. Гродга, ф. 8, воп. 1, спр. 1327, арк. 3.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Адрас
- 225306, Брэсцкая вобласць, г. Кобрын, вул. Свярдлова, 2
- Тэлефон
- (01642)2-59-38
- Епархія
- Брэсцкая
- Благачынне
- Кобрынскае
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Будаўнічы матэрыял сцен
- драўляны
- Год пачатку будаўніцтва
- 1862
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1864
- Стагоддзе пачатку будаўніцтва
- 19
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19





2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.