Узда. Храм апосталаў Пятра і Паўла
2009.04
Гістарычны агляд:

Пабудавана на месцы храма 1848 года. УЗДА. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА і ПАЎЛА Помнік дойлідства рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў г. Узда ў 1840 г. з цэглы на месцы драўлянай (вядома з XVI ст.) па фундацыі Ф. Завішы. Сіметрычна адносна падоўжанай і папярочнай восей храм у плане ўяўляе сабой трохчасткавую схему: трапезная, асноўны квадратны аб’ём і алтар з прыбудовай. Асаблівасць аб’ёмна-планіровачнага вырашэння — безстаўповая аднапралётная сістэма перакрыццяў асноўнага аб’ёму і складаная сістэма перакрыццяў у трапезнай (гэта звязанае з размяшчэннем у другім яе ярусе званіцы). Характэрнай рысай агульнай кампазіцыі царквы з’яўляецца кантраст паміж дэталёвай распрацоўкай паверхняў сцен і простым канструкцыйным вырашэннем завяршэння асноўнага аб’ёму (чатырохсхільны дах з несапраўдным 8-гранным драўляным барабанам і гранёным цыбулепадобным купалам). У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаныя формы старажытна-рускага дойлідства (кілепадобныя какошнікі, што завяршаюць кутнія пілястры галоўнага аб’ёму, падвойныя вокны асноўнага аб’ёму і патройнае акно на заходнім фасадзе званіцы) і класіцызму (двухсхільныя дахі, профілі карнізаў, руставаныя абрамленні галоўнага уваходу і аконных праёмаў). Царква дзейнічае.

Г.А. Лаўряцкі http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў імя святых апасталаў Пятра і Паўла

   На пл. Чырвонай. Пабудавана ў 1905 г. паводле праекта архітэктара В.І. Струева на месцы мураванага храма 1848 г., фундаванага памешчыкам Завішам. Перад царквой стаяла драўляная званіца з 3 званамі (не захаваліся).

   Помнік неарускага стылю. Храм атрымаў арыгінальную 3-часткавую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, якую фарміруюць прытвор-званіца, малітоўная зала і апсіда з бакавой рызніцай. Пануе асноўны кубападобны аб'ём, накрыты высокім 4-схільным бляшаным дахам (раней быў гонтавы), завершаным цыбулепадобнай галоўкай на гранёнай шыі. Над кубападобным аб'ёмам прытвора надбудаваны 4-гранны ярус званіцы, накрыты 2-схільным дахам. Пярэдняя грань званіцы вылучана 3-пралётнай аркадай і завершана 2-гранным прафіляваным карнізам на дэнтыкулах. Уваход вырашаны шырокім арачным парталам з руставанай архівольтай, фланкіраваны рэльефнымі крыжамі. У дэкоры плоскасных фасадаў выкарыстаны гарадковыя фрызы, вуглавыя какошніка і ўразныя калонкі, лапаткі, рустоўка. Арачныя аконныя праёмы бакавых фасадаў у асноўным аб'ёме здвоеныя, у апсідзе і прытворы — строеныя, дэкарыраваны руставанымі архівольтамі.

   Унутры дамінуе прастора квадратнай у плане малітоўнай залы, перакрытай плоскай драўлянай кесаніраванай столлю. Пры ўваходзе ў залу кансольна выступае галерэя хораў, падтрыманая 2 магутнымі пілонамі і перакінутымі цераз іх аркамі. Прамавугольная ў плане апсіда адкрываецца шырокім лучковым прасветам і вылучана драўляным 1-ярусным 5-часткавым з 3 франтонамі і разнымі царскімі варотамі іканастасам (раней быў 2-ярусны пазалочаны ў 16 абразоў), які, як і бакавыя ківоты, аздоблены накладной драўлянай разьбой.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4