Гальшаны. Храм вялікамучаніка Георгія Перамоганосца
2017.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1901 г. з цэглы. Абкружана канавай агароджай з брамай.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца, трапезная, асноўны аб'ём, 5-гранная апсіда з бакавымі 4-граннымі рызніцамі. У сілуэце будынка дамінуюць цыбулепадобныя купалы над званіцай і 4-схільным дахам асноўнага кубападобнага аб'ёму.

Галоўны ўваход адзначаны буйным парталам з высокім 2-гранным шчытом і арачным праёмам на 2 парах паўкалон. Падобнымі парталамі аформлены бакавыя ўваходы. У люкарне над галоўным уваходам размешчаны абраз «Спас Пантакратар». Лаканічнае дэкаратыўнае ўбранне белакаменных фасадаў абмежавана ажурнымі фрызавымі паясамі з гарадкоў, плоскімі броўкамі арачных аконных праёмаў, вуглавымі лапаткамі, поясам какошнікаў каля аснавання шатра званіцы.

(Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск : “Беларус.Энцыкл.”ім. П. Броўкі, 2007. – C. 109–110.)