- Гістарычны агляд:
Помнік дойлідства класіцызму. Пабудаваная ў 1847 г. на паўночнай ускраіне гораду на былых Старажоўскіх могілках (сучасная вул. Кісялёва). Першапачаткова мураваны аднакупальны сіметрычны па кампазіцыі трохнефавы аднаапсідны храм. Да асноўнага прастакутнага ў плане аб’ёму далучаны з усходняга боку прастакутная апсіда, з заходняга — прытвор. У цэнтры асноўнага аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вялікі купал. Сцены фасадаў расчлянёныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваныя пілястрамі. Па перыметры будынку праходзіць тонкапрафіляваны карніз. Перакрыцці крыжовыя (захаваліся), цыліндрычныя. Царква перабудаваная: апсіда закрыта чатырохкалонным порцікам (завершаны трохкутным франтонам), пастаўлены на высокі цокаль. У 1940—50-я гады прыстасаваны пад Цэнтральны дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў БССР (размяшчаўся ў 1946—86 гг.). У канцы ХІХ ст. перад царквой пабудаваная брама з цэглы (захавалася з часткай агароджы). Аднапралётная манументальная брама кампазіцыйна падкрэслівала галоўны ўваход у царкву. Дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершаная развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкаратыўны атык, завершаны фігурным франтонам з невялікай лучковай галоўкай. У 1990 г. царква перададзена вернікам, дзейнічае.
Т.І. Чарняўская http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki
На вул Кісялёва, на былых Старажоўскіх (Пярэспінскіх) могілках, якія былі адкрыты на месцы Старажоўскай заставы з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у 1820 г. Пабудавана ў 1847 г. з цэглы на месцы драўлянай царквы. Рэстаўрыравана ў 1990-я гг. (архітэктар Г.Босак). Злева ад храма ў 1992 г. пабудавана Іаана-Прадцечанская хрысцільная царква, асвячоная ў 1995г., справа — пабудавана і асвячона ў 1998 г. капліца ў памяць Усіх беларускіх Святых. На тэрыторыі храма знаходзіцца помнік у гонар 200-годдзя Мінскай епархіі і надмагілле протаіерэя Міхаіла Буглакова.
У 1623 г. мінскі суддзя Марцін Валадковіч ахвяраваў Петра-Паўлаўскаму манастыру фальварак Пярэспа. У 1804 г. паводле хадайніцтва архімандрыта Петра-Паўлаўскага манастыра Лазара на Пярэспінскіх могілках была ўзведзена невялікая драўляная царква, пры якой існавала багадзельня. У 1835 г. храм згарэў. Новая мураваная царква была ўзведзена на дабрачынныя ахвяраванні гараджан. Будаўніком царквы лічыцца протаіерэй кафедральнага сабора айцец Пётр Яліноўскі, які памёр у 1870 г. і быў пахаваны ў крыпце пад апсідай'. Царква была асвячона 26.10.1847 г. (паводле царкоўнага календара) і прыпісана да кафедральнага Петра-Паўлаўскага сабора, мела прастол у імя святых жонак-міраносіц. У 1879 г. царква набыла статус прыходскай са сваім прычтам. У 1903 — 04 гг. пры храме пабудавана царкоўная школа, пагост абнесены мураванай агароджай з брамай. У 1932 — 33 гг. пасля закрыцця Старажоўскіх могілак быў закрыты і храм, які 19.1.1934 г. быў зноў вернуты прыхаджанам. Адзіны адкрыты храм набыў значнасць кафедральнага сабора. 28.7.1937 г. храм зноў закрыты. Храм пераўтвораны ў сталярную майстэрню. Царква дзейнічала ў час Вялікай Айчынай вайны (адкрыта 22.7.1941 г. ў дзень шанавання роўнаапостальнай Марыі Магдаліны). Храм закрыты ў 1949 г., будынак рэканструяваны і прыстасаваны пад сховішча Цэнтральнага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў БССР і рэстаўрацыі дакументаў цэнтральных дзяржаўных архіваў БССР, якія знаходзіліся тут да 1986 г. Пасля рэстаўрацыі 25.11.1990 г. асвячона архіпастырам Філарэтам — са Свята-Духаўскага кафедральнага сабора адбыўся хрэсны ход, які даставіў у царкву часціцу мошчаў святой Марыі Магдаліны. У апошнія гады праведзена добраўпарадкаванне царкоўнай тэрыторыі, аформлены інтэр'ер малітоўнай залы.
Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Да прамавугольнага ў плане 3-нефавага аб'ёму з усходняга боку далучана прамавугольная апсіда, з заходняга — прытвор. Адпаведна стылю архітэктура будынка мае аскетычны характар — плоскасныя фасады члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках, апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. Пры рэканструкцыі 1950-х гг. да апсіды далучаны 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам. У выніку аднаўлення ў 1990-я гг. царква набыла рысы рэтраспектыўна-рускага стылю — над прытворам узведзена шатровая 8-гранная званіца, над малітоўнай залай — цыбулепадобны купал на светлавым барабане.
Унутры пануе падкупальная прастора светлавога барабана, які праз ветразі падтрыманы 4 магутнымі пілонамі. Пад храмам абшырныя сутарэнні (у іх адпраўлялі набажэнствы ў час рэстаўрацыі). Перакрыцці — крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні на падпружных арках, якія ў канцы 1860-х гг. былі размаляваны. Прытвор адкрыты ў малітоўную залу высокім арачным праёмам, па баках вылучаны каморы для лесвіцы на званіцу і кіёск. У наш час у інтэр'еры мастаком В.Доўнарам зроблены алейныя размалёўкі — у купале выява Хрыста Уседзяржыцеля, на гранях слупоў выявы святых, архітэктурныя плоскасці акаймаваны арнаменіам. Апсіда пад цыліндрычным скляпеністым перакрыццем вылучана драўляным пазалочаным 2-ярусным іканастасам, выкананым у «рускім» стылю. Падлога выкладзена шэрымі гранітнымі плітамі. Святыняй храма з'яўляецца абраз «Роўнаапостальная міраносіца Марыя Магдаліна».
У мураванай агароджы храма ў пачатку 20 ст. створана манументальная брама ў эклектычным стылі — барочныя валюты, «рускія» кілепадобныя нішы і пазалочаная макаўка над фігурным атыкам, класічная раскрапоўка пілястрамі і разеткамі.
Хрысцільная царква ў імя св. Іаана Прадцечы — мураваны храм прамавугольнага ў плане аб'ёму з паўкруглай апсідай, узведзены на высокім падклеце. 2-схільны бляшаны дах над алтарнай часткай завершаны залачоным цыбулепадобным купалам на глухім 8-гранным барабане. Галоўны 1-восевы плоскасны фасад завершаны трохвугольным франтонам, у цэнтральнай арачнай нішы якога размешчаны абраз «Іаана Прадцечы». Атынкаваныя фасады крапаваны вуглавымі пілястрамі, па баках расчлянёны парнымі і трайнымі аконнымі аркатурамі. Прамавугольныя ўваходныя праёмы ў храм (галоўны і апсідны) накрыты арачнымі бляшанымі казыркамі. Да левага бакавога фасада далучана нізкая прыбудова гаспадарча-санітарнага блока.
Унутры малітоўная зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем, апсіда вылучана 1-ярусным драўляным залачоным іканастасам.
Капліца ў імя Усіх беларускіх Святых — цэнтрычнае крыжовае ў плане драўлянае збудаванне, завершанае 8-гранным барабанам і шатром з цыбулепадобным залачоным купалам. Пяцігранныя крылы планіровачнага крыжа па восях прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўваходным праёмам, якія сваімі дубовымі ліштвамі вылучаюцца на пабеленай вертыкальнай шалёўцы.
Помнік у гонар 200-годдзя Мінскай епархіі і пастаўлены па блаславенню высокапраасвяшчэннага Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсея Беларусі 13 — 26.6.1993 г. Вырашана мураванай высокай конусападобнай стэлай пад 2-гранным пакрыццём. На франтальнай плоскасці рэльефныя выявы праваслаўнага крыжа з укрыжаваннем.
Надмагілле протаіерэя Міхаіла Буглакова. Размешчана справа перад загалоўным храмам. Пахаваны настаяцель Свята-Духаўскага кафедральнага сабора М.Буглакоў (14.10.1928 — 10.4.1995). Помнік вырашаны прамавугольным крыжом з укрыжаваннем, выкананым з чорнага лабрадарыту.
' Описание церквей и приходов Минской епархии. Минский уезд. Мн., 1878. С. 20.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Адрас
- 220029 Мінская вобласць, г. Мінск, вул. Кісялёва, 42
- Тэлефон
- +37517-234-23-52
- Епархія
- Мінская
- Благачынне
- Мінскае першае гарадское
- Вэб сайт
- http://hramm.by/
- Архітэктар
- невядомы
- Від будаўніцтва
- першапачаткова праваслаўны будынак (пабудова)
- Тыпалогія храма
- прыходскі храм
- Стан храма
- дзейнічае
- Горадабудаўнічае рашэнне
- прыходскі комплекс
- Будаўнічы матэрыял сцен
- мураваны
- Год сканчэння будаўніцтва
- 1847
- Стагоддзе сканчэння будаўніцтва
- 19
















2008-2025
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта, калі ласка, спасылайцеся на hram.by і аўтараў.